"Гэта нармальна": чаму Беларусь зноў абвінавачваюць у дэмпінгу на калійным рынку

Беларусь задае тон на рынку калійных угнаенняў / Еўрарадыё
Беларусь задае тон на рынку калійных угнаенняў / Еўрарадыё

Беларуская калійная кампанія заключыла ў канцы студзеня гадавы кантракт на пастаўку калійных угнаенняў з індыйскай кампаніяй IPL, а ў лютым з яшчэ адным буйным імпарцёрам — Кітаем. Цана ўгнаенняў па абодвух кантрактах — $247 за тону.

Ужо пасля першага кантракта расійская кампанія "Уралкалій Трэйдынг", дачка "Уралкалія", абвінаваціла БКК у дэмпінгу. Такое адбываецца ледзь не штогод. Еўрарадыё разбіралася, у чым рэч.

 

Умовы для росту цэн добрыя

Пасля заключэння беларуска-індыйскага кантракта на сайце "Уралкалій Трэйдынг" з'явілася паведамленне пра тое, што цана, пра якую БКК дамовілася з IPL, занадта нізкая.

Расійскі бок заяўляе, што ўмовы на рынку з другой паловы 2020 года спрыяльныя, расце попыт на хлорысты калій.

Конкуренты обвиняют Беларусь в демпинге на калийном рынке. Это справедливо?
Складскія запасы ў пакупнікоў зніжаюцца / kali.by

— "Уралкалій" мяркуе, што цана падпісанага кантракта з Індыяй не адпавядае бягучым рынкавым тэндэнцыям і не адпавядае інтарэсам вядучых вытворцаў калійных угнаенняў, — перадаюцца ў прэс-рэлізе словы генеральнага дырэктара "Уралкалій Трэйдынг" Аляксандра Цярлецкага.

Сапраўды, у другой палове мінулага года цэны на калій раслі, як і ўвесь студзень 2021 года. Згодна з прагнозам найбуйнейшага канадскага вытворцы ўгнаенняў Nutrien, гэта тэндэнцыя захаваецца ў 2021 годзе праз добрыя эканамічныя паказчыкі ў раслінаводстве і абмежаваныя запасы калію на асноўных рынках. У глабальным маштабе запасы калію працягваюць зніжацца, а цэны на ўраджай і рэнтабельнасць вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі павялічваюцца. Гэта робіць аграрыяў плацежаздольнымі кліентамі.

Таму цэны БКК не спадабаліся не толькі "Уралкалій Трэйдынг", але і іншым гульцам на сусветным рынку.

— Мы разумеем, што калійнае пагадненне з Індыяй было заключана на найвышэйшым урадавым узроўні з абмежаваным камерцыйным удзелам,адзначае выканаўчы віцэ-прэзідэнт і генеральны дырэктар Nutrien Кен Зейтц.

Відавочна, іншыя трэйдары разлічвалі на больш высокія цэны беларускага вытворцы. Папярэдняя цана БКК на хлорысты калій для кітайскага рынку склала $220 за тону, а для Індыі — $230 за тону. Гэта значыць, рост цэн па новых беларускіх кантрактах адбыўся на $27 і $17 адпаведна.

У траўні мінулага года "Уралкалій Трэйдынг" таксама раскрытыкавала цану беларускага ўгнаення для Кітая. Хоць на фоне зніжэння попыту праз наяўныя тады складскія запасы і іншыя прапановы на рынку цана БКК была не такой нізкай. Напрыклад, тая ж Nutrien у першым квартале мінулага года прадавала калійныя ўгнаенні па сярэдняй цане $180.

 

"Нармальна, што "Уралкалій" пастаянна абвінавачвае нас"

Конкуренты обвиняют Беларусь в демпинге на калийном рынке. Это справедливо?
У барацьбе за месца на рынку прыходзіцца зніжаць цэны / kali.by

Яшчэ ў першую хвалю каранавіруса BEROC прадставіў антыкрызісны план для Беларусі, дзе гаварылася: "Трэба стымуляваць выпуск і экспарт. Нават няхай цэны цяпер не найлепшыя, трэба актыўна прадаваць. Раз у нас ёсць калійныя ўгнаенні і іх цяпер няма каму купляць — час прадаваць па зніжцы".

Выходзіць, для беларускай эканомікі продаж калію — выратавальная саломінка, а як жа іншыя гульцы на рынку?

— Асаблівасць рынку калію ў тым, што гэта алігапалістычны рынак, гэта значыць на ім дзейнічаюць некалькі буйных кампаній, якія канкуруюць за аб'ёмы. Шмат у чым гэта канкурэнцыя па цане, гэта значыць кожны спрабуе прапанаваць больш выгадныя ўмовы, — кажа акадэмічны дырэктар BEROC Кацярына Барнукова.

Пры гэтым усе зацікаўлены, каб цана была вышэйшая.

— Кожны з актараў не хоча ісці досыць нізка, улічваючы, што па гадавых аб'ёмах здабычы таксама ёсць абмежаванні. Да таго ж цяпер цэны на калій сапраўды выраслі мацней, чым меркавалася. І мы падрываем пазіцыі іншых кампаній, прымушаючы іх таксама прадаваць па цане больш нізкай, чым яны разлічвалі.

Складана гаварыць, наколькі гэта правільна ці няправільна з беларускага боку, адзначае эксперт. Бо для Беларусі цяпер асабліва важны бесперапынны паток валютнай выручкі.

— Таму з пункту гледжання Беларусі — гэта, магчыма, правільнае рашэнне. Натуральна, іншыя актары на рынку ім незадаволеныя. І "Уралкалій" асабліва, таму што раней гэта была кампанія, якая працавала з намі ў кааперацыі.

"Беларуськалій" і "Уралкалій" аб'ядноўваліся для таргоў і выкарыстоўвалі гэта як інструмент для падтрымання больш высокіх цэн на рынку. У 2013 годзе "Уралкалій" выйшаў з картэля.

— Цяпер дастаткова нармальна, што "Уралкалій" нас пастаянна абвінавачвае ў заніжэнні цаны, каб заняць месца на рынку. Гэта канкурэнтная барацьба. Іншая рэч, што, магчыма, гэтыя абвінавачанні гучаць не толькі ад "Уралкалія", — робіць выснову Кацярына Барнукова.

Еўрарадыё звярнулася ў Беларускую калійную кампанію і "Уралкалій", каб даведацца пра іх погляд на тое, як развіваецца рынак калійных угнаенняў і якую цану можна лічыць прымальнай, але адказаў атрымаць не ўдалося.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі