Беларуская пракуратура запатрабавала ад "Яндэкс музыкі" выдаліць песні TOP BAND
Гурт TOR BAND
Пракуратуры Гомельскай вобласці запатрабавала ад расійскага сэрвісу па пошуку і праслухоўванні музыкі "Яндэкс Музыка" выдаліць кампазіцыі беларускага гурта TOR BAND. У пракуратуры заявілі, што маніторылі інтэрнэт і знайшлі "на вядомым музычным сайце запісы выступаў фашысцкіх лідараў і экстрэмісцкія музычныя кампазіцыі". Раней беларускія ўлады ўнеслі песні гурта ў спіс "экстрэмісцкіх матэрыялаў". Таксама гомельская пракуратура запатрабавала выдаліць кантэнт супольнасці "Маланка Медыя".
У гэтым жа паведамленні (відавочна, для ўзмацнення эфекту) прэс-служба пракуратуры Гомельскай вобласці паведаміла, што на "Яндэкс Музыцы" знайшлі "запісы выступаў лідараў Нацыянал-сацыялістычнай рабочай партыі Германіі Адольфа Гітлера і Нацыянальнай фашысцкай партыі Італіі Беніта Мусаліні, у тым ліку з выкарыстаннем выявы названых асоб". Гэтыя запісы таксама запатрабавалі выдаліць.
"Акт нагляду выкананы ў поўным аб'ёме", — зрабілі справаздачу ў пракуратуры. Але, падобна, гаворка ідзе не аб выдаленні, а пра тое, што запісы "выключаны з прапаноў да праслухоўвання". Цяпер з беларускага IP на сэрвісе "Яндэкс Музыка" сапраўды нельга праслухаць частку кампазіцыі TOR BAND. Пры гэтым старонка групы не выдаленая. А з іншых краін, у тым ліку Расіі, даступныя ўсе кампазіцыі групы.
Кампазіцыі TOR BAND сталі аднымі з сімвалаў пратэсту ў 2020 годзе. Кліпы на песні TOR BAND "Мы — не "народзец", "Жыве", "Хто, калі не ты?!" набралі вялікую колькасць праглядаў на YouTube. Музыкаў у 2022 годзе затрымалі і абвінавацілі ў "распальванні варожасці", "стварэнні экстрэмісцкага фарміравання або ўдзеле ў ім", "дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь", "абразе Лукашэнкі". У кастрычніку 2023 года ім вынеслі прысуд. Агулам іх асудзілі на 24,5 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. Дзмітрый Галавач атрымаў 9 гадоў калоніі, Яўген Бурло — 8 гадоў, Андрэй Ярэмчык — 7,5 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.