"Гэтыя хлопцы павінны або згніць на Данбасе, або згінуць у Сірыі"

“Эти ребята должны или сгнить на Донбассе, или сгинуть в Сирии”

"Ідэйным" няма чым адкупіцца

Аляксей прыехаў у Данецк добраахвотнікам летам 2014 года. Нагледзеўшыся тэлевізара, ён хацеў абараняць "Рускі свет" ад "фашыстаў". Служыў у некалькіх падраздзяленнях, але потым, пасля дэбальцаўскай аперацыі 2015 года яго і яшчэ дваіх расіян затрымалі І абвінавацілі ў незаконным абароце зброі і "адцісканні" маёмасці.

З першага дня ў зняволенні ў Аляксея сталі патрабаваць грошы за вызваленне — спачатку 100 тысяч рублёў (прыкладна 1600 долараў), потым мільён (каля 16 тысяч долараў). Цяпер, па чутках, кошт свабоды — ад 50 тысяч долараў.

"У падонкаў, хто рэальна марадзёры або гандляваў зброяй, грошы для таго, каб адкупіцца, былі, — кажа Аляксей. — Так што сядзелі ў выніку ідэйныя, хто нічога сабе не нажыў".

У турме ДНР Аляксей пазнаёміўся з іншымі зняволенымі. Некаторых "закрылі" за тое, што яны апынуліся не ў той час не ў тым месцы, перайшлі дарогу каму-небудзь з мясцовых начальнікаў або сталі непатрэбнымі сведкамі. Да прыкладу, у 2014 годзе ўзвод таварышаў па службе Аляксея накіравалі ў банк "канфискаваць" каштоўнасці якія знаходзіліся там. На месцы высветлілася, што ў ячэйках захоўваецца некалькі дзясяткаў мільёнаў грыўняў. Потым гэтая гатоўка кудысьці растварылася. А ўсіх, хто быў у курсе сітуацыі, "кінулі на яму".

Сваякам Аляксея ўдалося сабраць 800 тысяч рублёў (каля 13 тысяч долараў). Выкуп перадалі пасярэдніку ў Растове-на-Доне — нібыта гэта была плата за паслугі адваката. Але была і яшчэ адна ўмова:

"Перад выхадам я "прызнаўся" на камеру ў разнастайных "злачынствах", уключаючы такое, пра што распавядаць не хочацца, — успамінае Аляксей. — Мяне адразу папярэдзілі, што гэта можа стаць падставай для крымінальнага пераследу ўжо ў Расіі. Вывозілі мяне на мяжу з іншымі пацанамі. Адзін сапёр распавёў, што яго выпусцілі на ўмовах, што ён "змые крывёй". Я здзівіўся — чаму тады вязуць на мяжу з РФ, а не ў бок фронту? Аказалася, што для яго штрафбатам павінна стаць кампанія Вагнера [Кампанія Вагнера — прыватная расійская ваенная кампанія, якая з 2014 года дзейнічае ў Сірыі. На думку экспертаў, на самой справе, яна з'яўляецца падраздзяленнем Мінабароны Расіі. — Еўрарадыё] у Сірыі".

 

"Тых, хто ваяваў, нельга судзіць па законах мірнага часу"

Дакладную колькасць грамадзян РФ, якія ўтрымліваюцца сёння ў няволі ў "ДНР", назваць не можа ніхто. Па дадзеных аднаго з афіцэраў гэтага ўтварэння, які папрасіў не называць яго імя, афіцыйна за чатыры гады было арыштавана больш за 480 расіян, а цяпер у СІЗА застаецца каля 150 чалавек. Лёс астатніх невядомы.

Расійскі публіцыст Раман Манекін, які пераехаў у Данецк ў сакавіку 2014 года і сам двойчы станавіўся ахвярай выкраданняў, распавядае, што восенню мінулага года ў яго на руках быў спіс 300 грамадзян РФ, якія ўтрымліваліся ў мясцовых СІЗА.

"Па міжнародных законах, любога апалчэнца можна прызнаць злачынцам, — разважае афіцэр корпуса "ДНР". — З вясны па восень 2014 года ў нас быў поўны хаос, палявыя камандзіры рэквізавалі на патрэбы фронту, а часцяком і для сябе асабіста, любыя машыны, якія спадабаліся, і іншую ўласнасць. У лепшым выпадку — давалі намаляваныя на каленцы распіскі. Камбаты абклалі данінай усе камерцыйныя структуры на падкантрольнай ім тэрыторыі — ад шапікаў і цырульняў да шахт і металургічных камбінатаў. Сотні тысяч бежанцаў з'язджалі, пакінуўшы дамы і кватэры. Туды сяліліся расійскія апалчэнцы, якім трэба было дзесьці жыць. Са зброяй наогул быў поўны бардак. Прадаваліся і купляліся нават БМП. Але нельга ж судзіць людзей, якія ваявалі, па законах мірнага часу!"

 

Суды і законы

У "ДНР" любога чалавека могуць арыштаваць на 30 сутак на падставе пастановы, падпісанай лідарам баевікоў Аляксандрам Захарчанкам ў жніўні 2014 года. Пры гэтым па факце людзі могуць сядзець гадамі наогул без прад'яўлення абвінавачвання.

Бо акрамя афіцыйных следчых ізалятараў і калоній існуе і мноства іншых месцаў пазбаўлення волі, названых у народзе "падваламі" ці "ямамі".

"Большая частка апалчэнцаў, уключаючы расіян, сядзіць незаслужана, — кажа былы камбат "ДНР" Вадзім Пагодзін. — Можа, адсоткаў 10-20 рэальных нягоднікаў. Астатнія альбо наогул невінаватыя, альбо здзейснілі ўчынкі, якія ва ўмовах баявых дзеянняў злачынствамі не з'яўляюцца. На мяне ў "ДНР" заведзеная сотня крымінальных спраў. Абвінавачваюць у забойстве хлопца, якога я ў вочы не бачыў".

Пагодзін кажа пра забойства 16-гадовага школьніка Сцяпана Чубенка ў ліпені 2014 года. Украіна абвінаваціла ў гэтым Пагодзіна (пазней у гэтым яго абвінавацілі і ў "ДНР"). У матэрыялах крымінальнай справы гаворыцца, што хлопца затрымалі на блокпосце ў Краматорску за жоўта-сінюю стужку на заплечніку. Школьніка палічылі актывістам "Правага сектара" і пасля допыту расстралялі. У крымінальнай справе сказана, што Пагодзін асабіста дабіў Чубенка стрэлам у патыліцу. Сёння ён адмаўляе датычнасьць да забойства, але не лічыць расстрэл 16-гадовага школьніка сур'ёзным злачынствам:

"Тое, што яго кончылі, я не лічу ганебным. Але сам такога загаду не аддаваў і не ўдзельнічаў".

Алена, сваячка аднаго з расіян, які некалькі гадоў сядзіць у данецкім СІЗА, кажа пра катаванні і празмерныя прысуды судоў, пасля якіх "ім на свабоду ўжо не выйсці".

"Я не веру ніводнаму судоваму рашэнню "ДНР". Там цяпер дзейнічае тэрарыстычная арганізацыя. Ля кіраўніцтва рэспублікай стаяць людзі, якія тэрарызуюць свой народ. Любое злачынства могуць павесіць на чалавека, які проста рыкнуў на якога-небудзь прыхвастня Захарчанкі", — дадае Пагодзін, той самы, які не лічыць злачынствам забойства школьніка.

 

"Змыць ва ўнітаз"

Пасля снежаньскага абмену палоннымі некаторыя асобы, выдадзеныя ўкраінскім бокам, адразу ж былі абвінавачаныя сілавікамі "ДНР" ў шпіянажы.

Крыніца ў "Саюзе добраахвотнікаў Данбаса" (праз гэтую арганізацыю адправіліся ваяваць больш за 10 тысяч расіян) сцвярджае, што ў засценках "ДНР" сёння змяшчаецца больш за 500 расіян.

"Улады Расіі не робяць дзеля вызвалення сваіх грамадзян ніякіх дзеянняў, — тлумачыць суразмоўца ў СДД. — Яны па-за законам. Як толькі гэтыя хлопцы перайшлі мяжу, іх проста змыла ва ўнітаз".

Сваякі і блізкія расіян накіроўваюць скаргі ў МЗС з просьбай дапамагчы. У адказ ім паведамляюць, што Расія аказала б консульскае садзейнічанне, калі б гэтыя асобы былі арыштаваныя ў Украіне, а ў выпадку з "ДНР" гэтага зрабіць не ўяўляецца магчымым. У судах "ДНР" на ўсе скаргі прапануюць звяртацца ў мінскую камісію па ўрэгуляванні канфлікту.

"Уладам "ДНР" ёсць указанне прытрымліваць у сябе ўсіх, каго магчыма. Ажно да пажыццёвага. Гэтыя хлопцы павінны або згніць на Данбасе, або, паехаўшы "да Вагнера", ціха згінуць у Сірыі", — кажа крыніца з "Саюза добраахвотнікаў Данбаса".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі