Гісторыка Ігара Мельнікава судзяць за інтэрв'ю і каментары СМІ
Ігар Мельнікаў
У Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд справы гісторыка Ігара Мельнікава. Яго вінавацяць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці". Суд праходзіць у адкрытым рэжыме.
У артыкуле пра суд афіцыёзнае выданне "СБ. Беларусь сегодня" называе Мельнікава псеўдагісторыкам і абураецца, быццам "ён адкрыта ўслаўляў польскіх паноў, якія гадамі прыгняталі беларускі народ, выказваў асаблівую любоў да баевікоў з Арміі Краёвай". Таксама згадваецца, што ў жніўні 2024 года яго кніжкі былі ўключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Праўда, не гаворыцца, што на гэты момант Мельнікаў ужо паўгода быў за кратамі і, верагодна, менавіта гэтая акалічнасць і паўплывала на лёс яго кніг.
З абвінавачання, зачытанага пракурорам, вынікае, што судзяць Мельнікава за інтэрв'ю, дадзенае ў 2022 годзе "інфармацыйнаму рэсурсу, забароненаму ў Беларусі". Зрабіў ён гэта, па словах пракурора, "па матывах нацыянальнай варожасці і варажнечы, а таксама палітычнай і ідэалагічнай варожасці".
Як адзначае "СБ", гаворка ідзе пра каментары, якія Мельнікаў даваў СМІ як у Беларусі, так і ў Польшчы.
Паведамляецца, што сам падсудны цалкам прызнаў віну.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.