"Грызня", "Дыпламатка" і не толькі: якія крутыя серыялы паглядзець проста зараз

"Грызня", "Злучаныя насмерць", "Дыпламатка" / калаж Еўрарадыё
"Грызня", "Злучаныя насмерць", "Дыпламатка" / калаж Еўрарадыё

Калі ваш спіс "што паглядзець" пусцее (а нават калі і не) — гэты тэкст для вас. Еўрарадыё паглядзела, якія новыя серыялы атрымалі добрыя водгукі крытыкаў і гледачоў. А значыць, якія вам лепш не выпусціць. Захоўвайце!

 

"Грызня" / Beef

"Магчыма, лепшае, што я бачыла сёлета", — так адрэагавала на навінку ад Netflix аглядальніца брытанскага Sunday Times Каміла Лонг.

"Грызня" — дзесяцісерыйная трагікамедыя, месцамі адначасова настолькі ж абсурдная, наколькі і справядлівая, пра жыццё ў сучасным свеце. Аснова сюжэту — дарожны канфлікт, знаёмая многім падзея. Але жаданне адпомсціць і лепей спазнаць "ворага" прыводзіць да нечаканых наступстваў і паваротаў.

На Rotten Tomatoes рэйтынг "свежасці" серыяла, на думку крытыкаў, складае 98%. Гледачы ацанілі "Грызню" ў 86%.

"Прыз за вялікімі дзвярыма" / The Big Door Prize

Фантастычная камедыя пачала выходзіць на Apple TV + у канцы сакавіка і ўжо палюбілася шматлікім гледачам. Для стваральніка праекта, раней вядомага па сіткоме Schitt's Creek Дэвіда Уэст Рыда, серыял становіцца "шчаслівым білетам" — зрэшты, як і для стрымінгавага сэрвісу, які інвеставаў у яго свае грошы.

Сюжэт вам спадабаецца: у невялікім амерыканскім мястэчку з'яўляецца загадкавая машына, якая абяцае раскрыць сапраўдны патэнцыял кожнага ахвочага: у працы, адносінах і не толькі. Што пасля пачынаецца — глядзіце ўжо самі.

Якія водгукі атрымаў The Big Door Prize? Таксама высокія: 94% ад крытыкаў і 80% ад гледачоў.

"Злучаныя насмерць" / Dead Ringers

Мала хто чакаў, што рэмэйк аднайменнага трылера Дэвіда Кроненберга, зроблены спецыяльна для Amazon, апынецца хоць бы ніштаватым. Але "Злучаныя насмерць" перасягнулі чаканні: серыял атрымаў пазітыўныя водгукі нават ад загадзя перадузятых крытыкаў. Шмат у чым дзякуючы выдатнай гульні Рэйчел Вайс ("Фаварытка", "Лобстар").

Расказваць пра сюжэт серыяла не будзем, намякнем толькі на тое, што, як і арыгінальны фільм, гэта дыхтоўны трылер пра сясцёр-блізнят і, так бы мовіць, межы медычнай этыкі: калі "не нашкодзь" відавочна адыходзіць на другі план.

Ацэнкі: 85% ад крытыкаў і 72% ад гледачоў.

"Дыпламатка" / The Diplomat

Яшчэ адзін праект ад Netflix, які можа падысці тым, хто сумуе па "Картачным доміку". Вядома, змрочнасці і інтрыг тут менш, але палітыкі і актуальных аналогій там дастаткова.

У цэнтры сюжэту — дасведчаная амерыканская дыпламатка ў выкананні Кэры Расэл ("Амерыканцы", "Фелісіці"), якая нечакана для сябе атрымлівае прызначэнне паслом у Вялікабрытаніі. Але, як аказалася, усё не так проста: хтосьці атакуе брытанскі ваенны карабель, ды і перспектывы самой дыпламаткі не да канца ясныя.

Ацэнкі ў праекта высокія: на Rotten Tomatoes крытыкі паставілі яму 89% "свежасці", а гледачы — 85%.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі