Гуглу патрэбныя ядзерныя рэактары для штучнага інтэлекту — #ІхНоравы

#ІхНоравы

#ІхНоравы / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё

Былы расійскі разведчык Сяргей Скрыпаль упершыню пасля атручвання "Навічком" зрабіў публічную заяву. Але пра гэта вы ўжо ведаеце.

А пра міжнародныя навіны, якія вы яшчэ не паспелі прачытаць, мы расказваем у штодзённым аглядзе "Іх норавы".

 

Міратворцы не сыдуць з Лівана

ААН паабяцала, што яе міратворцы застануцца на поўдні Лівана, нягледзячы на патрабаванні Тэль-Авіва расчысціць шлях для ізраільскіх вайскоўцаў.

Сёння больш за 20 чалавек загінулі ў выніку ізраільскага авіяўдару па горадзе на поўначы Лівана. Гэты населены пункт знаходзіцца далёка ад цэнтраў "Хезбалы" ў Бейруце, піша брытанскае выданне The Guardian. У адказ "Хезбала" абстраляла Тэль-Авіў.

За апошнія тыдні Тэль-Авіў ужо некалькі разоў абстраляў раёны, якія лічыліся бяспечнымі.

Упраўленне ААН па правах чалавека паведаміла, што большасць з ахвяраў удару — жанчыны і дзеці.

"У нас ёсць рэальныя асцярогі адносна [прытрымлівання] міжнароднага гуманітарнага права, законаў вайны і прынцыпаў прапарцыйнасці і суразмернасці", — сказалі ва ўпраўленні ААН па правах чалавека.

 

Дрэнна, яшчэ горш

На мінулым тыдні Пхеньян паабяцаў перакрыць аўтамабільныя магістралі і чыгункі, якія калісьці лічыліся сімваламі міжкарэйскага супрацоўніцтва. А на гэтым — узарваў дарогі, якія злучаюць КНДР з Паўднёвай Карэяй.

У войску КНДР кажуць, што гэта "мера самаабароны", мэта якой — "прадухіленне вайны". Гэты крок быў зроблены нібыта ў адказ на вайсковыя вучэнні ў Паўднёвай Карэі.

Градус напружанасці ў адносінах паміж дзвюма Карэямі дасягнуў максімуму за апошнія некалькі гадоў. А яшчэ не так даўно дзве гэтыя краіны прайшлі пад агульным сцягам на Алімпіядзе 2018 года, і здавалася, што ўсё наладжваецца.

 

У Гугла будуць ядзерныя рэактары для ШІ

Кампанія Google падпісала пагадненне аб выкарыстанні малых ядзерных рэактараў. Яны будуць выпрацоўваць велізарную колькасць энергіі, якая будзе сілкаваць цэнтры апрацоўкі дадзеных штучнага інтэлекту.

Па прагнозах банкаўскага гіганта Уол-стрыт Goldman Sachs, да канца дзесяцігоддзя сусветнае спажыванне энергіі цэнтрамі апрацоўкі дадзеных як мінімум падвоіцца. І гэтым цэнтрам патрэбныя велізарныя аб'ёмы электраэнергіі, як для сілкавання, так і для астуджэння абсталявання.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі