Гурт S°unduk збірае ахвяраванні на трэці альбом

28 траўня на сайце boomstarter.ru распачаўся збор грошай на трэці альбом гурта S°unduk.

“Мы не маем спонсараў, якія б маглі даць вялікую суму грошай, — разважае лідарка калектыву Аня Хітрык. — Прасіць, шчыра кажучы, няма каго, ды і сорамна. Бо для таго, каб запісаць 13 трэкаў, па маіх разліках, патрэбна тры тысячы долараў... Калі б гурт, які мне падабаецца, звярнуўся б па дапамогу і сказаў: “Хітрык, дай, колькі можаш”, — я б дала. І даю. Я не бачу ў гэтым нічога страшнага. Мне падаецца, гэта добра — мы на тое і людзі, каб дапамагаць адно аднаму”.

Праз 43 дні ў электроннай кішэні гурта мусіць апынуцца 100 тысяч расійскіх рублёў. Калі да 12 ліпеня S°unduk не здолее набраць патрэбную суму, грошы вернуцца тым, хто іх ахвяруе.

У сітуацыі, калі пасля запісу заяўленай пласцінкі ў каманды застануцца грошы, рэшта пойдзе… на наступны, беларускамоўны альбом, праца над матэрыялам да якога вядзецца паралельна. Па словах Хітрык, трэці альбом не будзе называцца “Том ІІІ” (першыя дзве пласцінкі мелі назвы “Том І” і “Том ІІ”, — заўв. аўт.), бо гэта — ужо іншая гісторыя:

“Гэта не зусім працяг дзвюх папярэдніх пласцінак. З прыходам гітарыста Ягора Дзыгуна ў нашай музыцы пачаўся новы віток, хоць я не магу нават апісаць, які. Музыка нібыта тая ж, аднак блізкія людзі сцвярджаюць, што нешта мяняецца. А можа, мы проста сталі іншымі…”

Далучыцца да дапамогі гурту можна на сайце boomstarter.ru. На сённяшні дзень на рахунку 22 з паловай тысячы расійскіх рублёў. Калі ўсё атрымаецца, кожнаму спонсару гурт абяцае каштоўны падарунак!

Фота з сайту гурта

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі