Ханок: Паплаўская не будзе спяваць мае песні, а з Ярмоленкам сустрэнемся ў судзе
Кампазітар Эдуард Ханок выказаўся па скандальнай справе аб забароне Ядвізе Паплаўскай і Анатолю Ярмоленку выконваць яго самыя папулярныя песні. Гаворка ідзе пра хіты “Завіруха”, “Счастливый случай”, “Я у бабушки живу”, “Малиновки заслыша голосок”, “Вы шуміце, бярозы”, да якіх ён напісаў музыку.
Як паведамляла Еўрарадыё, Ханок адправіў лісты спевакам, у якіх пагражае судом. Пра сітуацыю ён праінфармаваў некалькі міністэрстваў і Белтэлерадыёкампанію. Як піша газета “СБ. Беларусь сегодня”, Эдуард Ханок наклаў забарону на выкананне яго песень з 26 красавіка, аднак гэтую дату падкарэктаваў Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці — з 20 траўня. У гэты дзень канчаткова спыняцца выплаты аўтарскага ўзнагароджання. У далейшым права выконваць згаданыя песні спевакам давядзецца набываць у аўтара.
Ханок кажа, што найхутчэй судзіцца з Ядвігай Паплаўскай не будзе. “Яна проста не будзе спяваць мае песні, — кажа кампазітар у каментары sb.by. — А з Анатолем Ярмоленкам сустрэнемся ў судзе. У мяне дастаткова аргументаў, каб адстаяць сваю пазіцыю…”. Ярмоленка гаворыць, што не баіцца суда, ён мае свае аргументы. Спявак, дарэчы, ужо выключыў са свайго рэпертуара песню “Вы шуміце, бярозы”.
Беларускія прадзюсары мяркуюць, што хваля, якую падняў кампазітар Эдуард Ханок, прывядзе да вялікіх перамен у заканадаўстве па аўтарскім праве.