Іх норавы: у браўзеры Safari буйная ўразлівасць, у Інданезіі перанясуць сталіцу
Цім Кук, Чалавек павук, дырэктар Oxfam / Еўрарадыё
Пакуль беларусы чыталі зводкі з судовых працэсаў іх суайчыннікаў, ва ўсім свеце адбывалася шмат цікавага. Еўрарадыё публікуе штодзённы агляд міжнародных навін.
У Safari знайшлі буйную ўразлівасць
Карыстальнікі яблычнай прадукцыі ў небяспецы! Даследчыкі выявілі ў браўзеры ад кампаніі Apple уразлівасць яшчэ восенню мінулага года, але кампанія да гэтага часу не выпусціла выпраўлення, таму энтузіясты вырашылі апублікаваць падрабязнасці.
Уразлівасць ёсць у Safari 15 на ўсіх прыладах і ў іншых браўзерах, якія працуюць на iOS 15 і iPadOS 15. Яна звязана са стандартам IndexedDB, які дазваляе сайтам захоўваць базы звестак на прыладах карыстальніка. Сутнасць стандарту ў тым, што браўзер дазваляе ствараць маленькія базы звестак з сістэмнай інфармацыяй для работы кожнага сайта.
Звычайна доступ да баз звестак абмежаваны толькі ўкладкамі або акном сайта, але аказалася, што і іншыя сайты могуць атрымліваць доступ да іх. Сэрвісы Google, у тым ліку ютуб і каляндар, заносяць імя карыстальніка ў назву базы звестак. Атрымаўшы логін, махляры могуць даведацца іншую інфармацыю, напрыклад прозвішча, імя і фатаграфію акаўнта.
На сайце safarileaks.com, прысвечаным уразлівасці, можна паглядзець, як працуе ўразлівасць: пры яго наведванні з Safari 15 адлюстроўваецца нядаўняя актыўнасць карыстальніка.
У Інданезіі ўсё-ткі перанясуць сталіцу
Не ўсе вывучылі назву папярэдняй, а ўжо новая. Улады Інданезіі перанясуць сталіцу з перанаселенай 30-мільённай Джакарты на ўсход вострава Калімантан.
Назва ў новага горада — Нусантара, што ў перакладзе азначае "архіпелаг". Пра планы на перанос сталіцы гаварылі яшчэ ў 2019 годзе, але праект прыпынілі праз пандэмію. Сёння стала вядома, што працу па пераносе сталіцы адновяць праз два гады. Нусантара размесціцца за 1000 кіламетраў ад Джакарты.
Oxfam: за час пандэміі багацце дзесяці найбагацейшых людзей свету вырасла ўдвая, а даходы 99% насельніцтва скараціліся
Міжнароднае аб'яднанне дабрачынных арганізацый Oxfam падлічыла, што з пачатку пандэміі каранавіруса, гэта значыць з сакавіка 2020-га, дзесяць найбагацейшых бізнесменаў свету (Ілан Маск, Джэф Безас, Біл Гейтс, Марк Цукерберг і іншыя) павялічылі сваё сукупнае багацце ўдвая: з 700 мільярдаў да 1,5 трыльёна долараў.
"Калі гэтыя дзесяць чалавек заўтра страцяць 99,999% свайго багацця, яны ўсё роўна застануцца багацейшымі за 99% насельніцтва планеты", — словы выканаўчага дырэктар Oxfam International.
Даклад называецца "Няроўнасць забівае". Арганізацыя Oxfam штогод выпускае такую справаздачу да эканамічнага форуму ў Давосе, каб прыцягнуць увагу эканамічных і палітычных сусветных элітаў.
Старонку комікса "Сакрэтныя войны #8" 1984 года прадалі на аўкцыёне ў ЗША за $3,36 млн
Выдатны падарунак на Новы год камусьці. Старонка комікса ўнікальная тым, што на ёй намаляваны Чалавек-павук у чорным касцюме, паглынутым сімбіётам.
That’s Not Just Your Spidey-Sense Tingling: Pages Introducing Spider-Man’s Black Costume Swing Into Auction.
— Heritage Auctions (@HeritageAuction) December 21, 2021
Original artwork from 1984’s ‘#SecretWars’ No. 8 makes public debut at Heritage Auctions in January.https://t.co/OrgMhUuvit#SpiderMan #Spiderverse #ComicArt pic.twitter.com/qRHxBANeRV
Акрамя гэтага, на аўкцыёне прадалі якасную копію Action Comics #1 за 3,18 млн долараў, а год таму Batman #1 пайшоў з малатка за 2,2 млн долараў.
Lay's выпусціла лімітаваную серыю чыпсаў з бульбы, вырашчанай у зямлі са стадыёнаў па рэгбі ў ЗША
Такі маркетынгавы ход прыдумалі ў Lay's да будучага Суперкубка. Lay's Golden Grounds — чыпсы, зробленыя з бульбы, вырашчанай у глебе са стадыёнаў па рэгбі ў NFL. На кожным мяшку ёсць лагатып каманды стадыёна, які ўнёс глебу.
Усяго будзе выпушчана па 200 штук пачкаў для кожнай каманды, і яны не будуць прадавацца ў краме: іх можна будзе атрымаць толькі ўдзельнічаючы ў маркетынгавых мерапрыемствах і ў інтэрнэце.
Галоўнае, каб не дадумаліся да такіх конкурсаў у Беларусі, а то яшчэ возьмуць зямлю з нашых футбольных стадыёнаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.