Інтэграцыйныя "дарожныя мапы" Беларусь і Расія ўзгодняць да лістапада
Да лістапада Беларусь і Расія павінныя ўзгадніць усе інтэграцыйныя "дарожныя мапы" па сектарах эканомікі. Пра гэта ў пятніцу паведаміў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас пасля перамоваў з расійскім калегам Дзмітрыем Мядзведзевым.
"У абноўленай праграме дзеянняў будуць прапісаныя ў першую чаргу "дарожныя мапы" па сектарах эканомікі. Мы гэтыя "дарожныя мапы" павінныя ўзгадніць — усе абсалютна — да лістапада", — цытуе ria.ru словы Румаса.
Разам з тым Мядзведзеў прызнаў, што шэраг тэм патрабуе дадатковых кансультацыяў, у тым ліку на ўзроўні кіраўніцтва Беларусі і Расіі.
Усе пытанні ён падзяліў на тры групы. У першую Мядзведзеў уключыў тыя пытанні, па якіх кіраўніцтва Беларусі і Расіі мае "аднолькавае разуменне сутнасці і аднолькавае разуменне тэрмінаў укаранення гэтых пераменаў". У другую ўвайшлі пытанні, дзе абодва бакі маюць агульнае разуменне тых ці іншых рашэнняў у сферы эканомікі або сацыяльнай сферы, але не мае згоды наконт тэрмінаў іх рэалізацыі.
"Трэцяя катэгорыя, яна адносна невялікая, можа быць, зусім невялікая, дзе ў сілу палітыка-юрыдычных прычын неабходна весці яшчэ дадатковыя кансультацыі. Так, бакі разумеюць, што гэта трэба будзе зрабіць, але калі і як — гэта яшчэ трэба зразумець. Прычым не толькі на ўзроўні ўрадаў, але і на прэзідэнцкім узроўні", — дадаў расійскі прэм'ер.