Прызначаючы Крутога, Лукашэнка дае моцны мэсідж Маскве — Латушка
Дзмітрый Крутой
Прызначэнне Дзмітрыя Крутога на пасаду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі паказвае моцную падтрымку крамлёўскай палітыкі. Такое меркаванне ў гутарцы з Еўрарадыё выказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
"Прызначаючы на пасаду кіраўніка Адміністрацыі Дзмітрыя Крутога, Лукашэнка дае моцны мэсідж Маскве, Крамлю, што ён прызначае на фактычна другую пасаду ў дзяржаве абсалютна прарускага чалавека. Чалавека, які забяспечваў у тым ліку інтарэсы Расійскай Федэрацыі, калі працаваў паслом Беларусі ў Маскве. Чалавека, які адказваў за падпісанне 28 праграм саюзнага будаўніцтва ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы, якія маюць на мэце больш глыбока інкарпараваць Рэспубліку Беларусь у Расійскую Федэрацыю", — адзначае ён.
Латушка заяўляе, што менавіта Крутой забяспечваў інкарпарацыю беларускага ВПК у расійскі ваенна-прамысловы комплекс для працягу расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Ён нагадвае, што Крутой не толькі падтрымліваў расійскую агрэсію супраць Украіны, але і падпісваў пагадненні з акупаванымі рэгіёнамі. Як амбасадар РБ Крутой ініцыяваў адкрыццё беларускага консульства ў Растове-на-Доне, прычым дзейнасць дыппрадстаўніцтва распаўсюджваецца на акупаваныя тэрыторыі Украіны.
Як паведамляла Еўрарадыё, экс-амбасадар Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой 27 чэрвеня быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі. Гэтая пасада заставалася вакантнай тры месяцы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.