Новы кіраўнік адміністрацыі і тры міністры — Лукашэнка "ператрахіваў" кадры
Дзмітрый Крутой
27 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правёў шэраг прызначэнняў у вышэйшых эшалонах улады.
Новым кіраўніком яго адміністрацыі стаў Дзмітрый Крутой. Дагэтуль ён займаў пасаду амбасадара Беларусі ў Расіі. Папярэдні кіраўнік Ігар Сергеенка стаў спікерам Палаты прадстаўнікоў, пасля чаго пасада кіраўніка адміністрацыі была вакантнай тры месяцы. Абавязкі кіраўніка выконваў першы намеснік Сергеенкі Максім Рыжанкоў.
Дарэчы, сам Рыжанкоў цяпер прызначаны на пасаду міністра замежных спраў. Ён замяніў на гэтай пасадзе Сяргея Алейніка. Сам Алейнік узначаліць камісію па міжнародных справах у Савеце Рэспублікі.
Міністрам сельскай гаспадаркі стаў Анатоль Ліневіч, які дагэтуль займаў пасаду першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама.
Віцэ-прэм'ерам па пытаннях аграпрамысловага комплексу стаў Юрый Шулейка. Дагэтуль ён ўзначальваў Брэсцкі аблвыканкам.
На пасаду міністра прамысловасці прызначаны Аляксандр Яфімаў, які працаваў намеснікам міністра. А сам ужо былы кіраўнік ведамства Аляксандр Рагожнік едзе амбасадарам у Расію.
Адным з найбольш цікавых прызначэнняў стала вяртанне ў вялікую палітыку Наталлі Пяткевіч — яе прызначылі першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. У 2001-2004 яна працавала прэс-сакратаром Лукашэнкі, у 2004-2010 была намесніцай, а пасля і першай намесніцай кіраўніка адміністрацыі. У 2011-2014 Пяткевіч была памочніцай Лукашэнкі, пасля чаго сышла з палітычнай сцэны.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.