"Каласы пад сярпом тваім" выключылі са школьнай праграмы з ініцыятывы Гігіна

Вадзім Гігін

Вадзім Гігін

Раман Уладзіміра Караткевіча "Каласы пад сярпом тваім" выключылі са школьнай прагамы з ініцыятывы прапагандыста Вадзіма Гігіна, цяперашняга дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі. Пра гэта ён сам заявіў у праграме "Скажинемолчи".

"Гэта была мая ініцыятыва. Я даваў справаздачу аб гэтым на радзе па гістарычнай палітыцы. Гэта цікавы раман нашага выбітнага класіка Уладзіміра Караткевіча. Але школьная праграма — гэта фармаванне пэўнай гістарычнай памяці", — заявіў прапагандыст.

Раней гэты раман праходзілі ў 11-м класе, але сёлета яго прыбралі з праграмы. У творы апісваецца Беларусь напярэдадні паўстання 1863 года, а сярод гістарычных персанажаў згадваюцца, напрыклад, Кастусь Каліноўскі і Тарас Шаўчэнка.

Гігін абвінаваціў раман у тым, што гэта... мастацкая літаратура, а не дакументальная хроніка: "Там вельмі шмат выдуманага, розныя гістарычныя персанажы паказаныя ва ўспрыняцці нашага выбітнага пісьменніка, але не так, як яны прадстаюць з гістарычных дакументаў".

Прапагандысту не падабаецца, як Караткевіч паказаў вобраз Кастуся Каліноўскага: "Бо шмат хто з нашых суайчыннікаў ведае Каліноўскага не як гістарычнага персанажа, а як чалавека, які выйшаў [з твораў Караткевіча]. І тут не столькі "Каласы пад сярпом тваім", ёсць і п'еса ў Караткевіча ["Кастусь Каліноўскі"]".

Цяпер замест "Каласоў пад сярпом тваім" у школьную праграму ўключылі аповесць "Чорны замак Альшанскі". У гэтым творы, на думку Гігіна, "няма вось гэтых гістарычных перакосаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі