Калюка, падковафон і чыгуны: як выглядаюць і гучаць любімыя інструменты Кірчука
У калекцыі вядомага беларускага фалькларыста і музыканта Івана Кірчука больш за 250 інструментаў з розных краін свету. Усе іх лідар этна-трыа "Троіца" выкарыстоўвае на канцэртах або падчас лекцый для студэнтаў.
Цяпер Іван Іванавіч заняты падрыхтоўкай да монаспектакля "Дарожка", які пройдзе 22 лістапада ў мінскім Тэатры эстрады. З гэтай праграмай ён ужо праехаў па ўсёй Беларусі. Пры ім заўсёды быў вялікі чамадан, у які музыка складвае свае інструменты: дудачкі, акарыны, званочкі, ручнікі, маскі. Мінскія гледачы ўбачаць "Дарожку" упершыню. Для спектакля Кірчук возьме з сабой ажно 50 інструментаў!
"Дарожка — гэта монаспектакль пра жыццё чалавека ад пачатку да смерці, — тлумачыць музыка. — Гэта я вандрую па тых дарожках, па якіх хадзілі продкі. Дарожка пачынаецца з калыханкі, бо жыццё кожнага чалавека пачынаецца з калыханкі. А маё жыццё пачалося з першай фальклорнай экспедыцыі ў 1983 годзе. З таго часу мая дарожка змяняецца. Я не толькі запісваю, слухаю і вывучаю беларускі фальклор, яшчэ маю магчымасці паказаць яго за межамі. Там жа набываю і розныя інструменты, і яны гучаць разам з беларускімі народнымі песнямі. Таму што гэта — мая дарожка".
Сем інструментаў з калекцыі Івана Кірчука, якія можна пачуць у монаспектаклі "Дарожка":
Падковафон ці падковы: "Мы былі ў нашага сябра ў Галандыі ў 2016 годзе на падворку, і я ўбачыў падковы. Яны былі брудныя і ржавыя. Паспрабаваў — добры гук. Папрасіў аддаць іх мне, але мне адмовілі. Маўляў, у сябра быў сябра, а ў таго — конь. Конь цяпер не жыве. У выніку выменяў іх на беларускія сувеніры. Цяпер спяваю пад іх вясельную песню "Ехалі сватове".
Гуслі: “Тут у мяне расійскія гуслі. Беларускія — на рэпетыцыйнай базе "Троіцы". Інструмент з'явіўся на пачатку "Троіцы" у 1995 годзе. Я яго выменяў на ліру, якіх у той час у мяне было дзве. Гэтыя гуслі прапісаныя ў шмат якіх альбомах "Троіцы".
Калёсная ліра: “Ліра зробленая Усеваладам Жукоўскім з Мар'інай Горкі. Жукоўскія — дынастыя, чатыры пакаленні, якія займаліся вырабам скрыпак, басэтляў, лір. На жаль, майстра няма, яго сын таксама не жыве, але іх інструменты працягваюць гучаць у розных калектывах”.
Калюка: “Летась мы пазнаёміліся з Паўлам Коранем — гэта цікавы майстар, які жыве ў Бараўлянах. У нас ёсць яго ліра, трашчоткі і калюка. Калі заходзяць студэнты, я заўсёды кажу: “Бачыце, узяў палку і пайшоў працаваць — зарабляць грошы".
Акарына: “Яе зрабіў майстар Любамір Ёрга з Кішэнёва. Яго інструменты нават можна ўбачыць на фотаздымках Біла Клінтана. Мы сустракаліся на фестывалях у Кішэнёве. Я набыў у яго дудку і акарыну. Звычайна бывае так: пачуў гук, закахаўся, набыў”.
Гонг: “Гэта інструмент, як і іншыя інструменты з калекцыі "Троіцы", зрабіў вядомы брытанскі музыка і майстар Стыў Хабак. Іх можна пачуць на нашых кружэлках”.
Чыгуны: “Бабуліны гаршчкі. Яны гучаць не горш, чым тыбецкі аналаг. І добра замяняюць, калі няма грошай на тое, каб набыць тыбецкія чаны”.