Кандыдатка ў прэзідэнты Ціханоўская заклікае спыніць ціск на яе мужа
На блогера Сяргея Ціханоўскага ў СІЗА працягваецца ціск. Пра гэта заявіла яго жонка, кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская.
Па яе словах, у сераду адвакат сустракаўся з Ціханоўскім, які за дзень да таго выйшаў з карцара.
"Муж распавёў, што пасля карцара яго павялі не ў тую камеру, у якой ён знаходзіўся раней, а ў камеру на 15 чалавек. І тыя зняволеныя зноў адмовіліся яго прымаць і зноў запатрабавалі "доказаў" супраць чутак пра нібыта "нізкі сацыяльны статус". Толькі тады яго змясцілі ў камеру аднаго. Ноччу супрацоўнік СІЗА яго некалькі разоў будзіў, даваў указанні пераходзіць з аднаго спальнага месца на іншае", — цытуе TUT.by словы кандыдаткі ў прэзідэнты.
Яна звязвае гэты ціск з тым, што Ціханоўскі праз суд аспрэчваў сваё змяшчэнне ў карцар. Гэтыя скаргі разглядаліся ў судзе на мінулым тыдні.
"Я веру, што Сяргея такімі метадамі не зламаць. Але ён пастаўлены ў такія ўмовы, што пад пагрозай яго здароўе і жыццё. Я звяртаюся да ўсіх, ад каго гэта залежыць: спыніце здзекавацца з майго мужа і аказваць ціск на яго!" — заявіла Ціханоўская.
Таксама яна падала ў Следчы камітэт заяву аб спатканні. Ціханоўская кажа, што хоча пабачыцца не толькі як з мужам, але і як з даверанай асобай кандыдата ў прэзідэнты.
Адвакат блогера Віктар Мацкевіч кажа, што на гэтым тыдні сустракаўся з Ціханоўскім штодня. Па яго словах, умовы сустрэчаў пагоршалі. "Калі да гэтага тыдня на працягу месяца нам была прадастаўленая магчымасць мець зносіны ў спецыяльна прызначаных для гэтага кабінетах, то з панядзелка мае сустрэчы з Ціханоўскім і нават працэсуальнае дзеянне са следчым, які праводзіць праверку па факце яго затрымання, былі перанесеныя ў памяшканне для спатканняў зняволеных са сваякамі, дзе няма ўмоў для аказання адэкватнай юрыдычнай дапамогі, захавання адвакацкай таямніцы і таямніцы следства. І гэта ўжо не апраўдана эпідэміялагічнай сітуацыяй", — распавядае Мацкевіч.
Ён кажа, што па гэтых фактах падаў скаргі ва ўпраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў па Мінску і Мінскай вобласці, у пракуратуру горада Мінска. Акрамя таго, адвакат плауе падаць хадайніцтва да органа расследавання аб вызваленні Ціханоўскага, бо ўтрыманне пад вартай не адпавядае мэтам расследавання, а носіць характар жорсткага і бесчалавечнага абыходжання.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.