Карагод пасярод каранавірусу: у Пагосце адзначылі свята Юр'я
6 траўня ў вёсцы Пагост Жыткавіцкага раёну традыцыйна адзначылі свята Юр'я. Нягледзячы на пандэмію каранавірусу і рэкамендацыі СААЗ пазбягаць масавых мерапрыемстваў, жыхары вёскі ўсё ж вырашылі не адмаўляцца ад правядзення старажытнага абраду "Юр'еўскі карагод", які летась уключылі ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Святога Юр'ю тут шануюць з дахрысціянскіх часоў (тады гэта быў Ярыла), і нічога не можа перашкодзіць гэтаму звычаю. Юр'я мусіць папрасіць у Бога залатыя ключы, каб адамкнуць зямлю.
Надоечы ў адной з хат выпякаюць святочны каравай-карагод, раніцай упрыгожваюць яго галінкамі дрэваў і кветкамі. Затым дзяўчаты абіраюць ваяводу, які павінен падняць тройчы каравай над сталом. У гэты час жанчыны кладуць у дзежку хлеб і чытаюць малітвы.
Пасля працэсія, наперадзе якой ідуць мужчыны з караваем, іконай святога Георгія і граблямі з зялёным фартушком, потым — маладыя дзяўчаты і старэйшыя жанчыны, рушыць за вёску.
На жытнёвым полі самая паважаная старэйшая жанчына просіць у Бога добрага ўраджаю і закопвае ў зямлю кавалак хлебу. Затым жанчыны водзяць карагод "Ой, выйдзем на поле ды паклічам Бога — адамкнуць зямліцу, выпусціць расіцу" вакол мужчын, а ваявода ўздымае каравай угару. На заканчэнне свята на граблях зялёны фартушок змяняюць на чырвоны — лічыцца, што на Юр'ю зямля пазбаўляецца цноты і пачынае пладародзіць. Натуральна, што сам каравай-карагод потым з задавальненнем з'ядаюць усе ўдзельнікі сонечнага палескага свята.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.