Караткевіч назвала непаслядоўным рашэнне БНФ выйсці з яе кампаніі

Прэтэндэнтка на прэзідэнцкае крэсла Таццяна Караткевіч пракаментавала адмову Партыі БНФ ад яе далейшай падтрымкі.

Як паведамляла Еўрарадыё, на пасяжэнні Сойма партыі 29 жніўня 18 сябраў Сойму прагаласавалі за выхад з кампаніі Караткевіч, 11 — супраць, 2 — устрымаліся. Старшыня партыі Аляксей Янукевіч спаслаўся на няўцямныя заявы прэтэндэнткі наконт беларускай мовы, нацыянальнай сімволікі і міжнароднага становішча Беларусі.

Партыя БНФ выйшла з выбарчай кампаніі Таццяны Караткевіч

У каментары Радыё "Свабода" Караткевіч адзначыла, што ў сферы міжнародных адносінаў кааліцыя "Народны рэферэндум", ад якой яна вылучаецца, мае два асноўныя прынцыпы: адказнае суседства і развіццё эканамічных, культурніцкіх, адукацыйных стасункаў з краінамі Еўрасаюзу, а таксама з Украінай. "Мы за збалансаваную палітыку, якая падтрымае незалежнасць Беларусі — і з гэтым заўсёды была згодная партыя БНФ", — дадала палітык.

Караткевіч адзначыла, што яна і яе паплечнікі выступаюць за развіццё беларускай мовы і з'яўляецца прыхільніцай бел-чырвона-белага сцяга. Палітык назвала сумнеўнымі вынікі рэферэндуму 1995 года, на якім была змененая дзяржаўная сімволіка. На яе думку, вынікі таго рэферэндуму трэба перагледзець і прыняць адпаведнае рашэнне. "А зараз вельмі важна зрабіць гэтак, каб бел-чырвона-белы сцяг быў прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, як і "Пагоня", — мяркуе Караткевіч.

Палітык дадала, што рашэнне Партыі БНФ было нечаканым, бо за некалькі дзён да таго яна бачылася з Янукевічам і не чула ад яго ніякіх вострых пытанняў. Таму рашэнне Партыі БНФ, на яе думку, "непаслядоўная палітыка".

Фота: svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі