Кіраўніку Партыі БНФ Рыгору Кастусёву зноў падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё
Старшыні Партыі БНФ Рыгору Кастусёву чарговы раз працягнулі тэрмін утрымання пад вартай — гэтым разам да 12 чэрвеня. Пра гэта палітык паведаміў родным.
Ён таксама піша, што ніякіх следчых дзеяньняў з ім не праводзяць. Кастусёў знаходзіцца ў зняволенні ўжо больш за год. Яго затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года ў Шклове, у той дзень ён муісў дапамагчы ўнучцы з урокамі. Адначасова ў Маскве былі затрыманыя палітолаг Аляксандр Фядута і юрыст Юрый Зянковіч. Усіх траіх абвінавачваюць у "змове ці іншых дзеяннях, здзейсненых з мэтай захопу дзяржаўнай улады". Дзяржаўныя СМІ паведамлялі, нібыта Кастусёў, Фядута і Зянковіч рыхтавалі замах на Лукашэнку.
У зняволенні ў Кастусёва выявілі анкалагічнае захворванне. Праз вялікую колькасць лекаў у яго пачаліся праблемы з ныркамі. Але ўсе хадайніцтвы з просьбай змяніць яму меру стрымання былі адхіленыя.
Праваабаронцы прызналі Рыгора Кастусёва палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.