Затрыманы лідэр партыі БНФ Рыгор Кастусёў
Рыгор Кастусёў / Еўрарадыё
Напярэдадні вечарам у Шклове быў затрыманы старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, паведаміў у Facebook зяць палітыка Дзмітрый Антончык.
Кастусёва затрымалі ў Шклове. Ён "павінен быў займацца матэматыкай з унучкай, яна і забіла трывогу, што дзед не бярэ слухаўку", распавёў Антончык БелаПАН.
Сваякі пачалі шукаць палітыка з 19 гадзін. На тэлефонныя званкі ён не адказваў. Позна ўвечары — каля 23 гадзін 30 хвілін — дачцэ Кастусёва патэлефанавалі з КДБ, сказалі, што ён "знаходзіцца ў Менску, па адрасе Незалежнасці, 17, па крымінальнай справе".
"Артыкул я не пачуў, а жонка разгубілася", — сказаў Антончык.
Па адрасе парспект Незалежнасці, 17 знаходзіцца СІЗА КДБ. Антончык таксама распавёў, што з'ездзіў на кватэру Кастусёва. Слядоў ператрусу ён там не заўважыў.
Рыгор Кастусёў — адзін з заяўнікаў сёлетняга "Чарнобыльскага шляху". Заяўку на правядзенне традыцыйнага вулічнага шэсця сумесна падалі тры партыі — БНФ, "Зялёныя" і БСДП "Грамада".
Як і ў выпадку з Днём волі, у арганізатараў узніклі складанасці з заключэннем дагавораў са спецыяльнымі службамі — без гэтых дагавораў атрымаць дазвол на правядзенне акцыі у мясцовых уладаў немагчыма. У канцы мінулага тыдня адзін з заяўнікаў "Чарнобыльскага шляху" лідар партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук распавядаў Еўрарадыё, што медыкі адмовіліся падпісваць дамову з-за каронавіруса, а камунальнікі і міліцыя пакуль наогул не адрэагавалі на просьбу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.