У затрыманых з Навагрудка пачалі арыштоўваць маёмасць
Навагрудак, ілюстрацыйнае фота
Следчыя пачалі арыштоўваць маёмасць у жыхароў Навагрудка, затрыманых падчас хапуна напрыканцы кастрычніка.
Як перадае "Белсат", арышт наклалі на маёмасць сямейнай пары Аляксандра і Ірыны Лебедзь, а таксама Вольгі Аляшкевіч і Таццяны Палубок. У актывіста Ігара Хіневіча забралі ўсе наяўныя грошы, таму яго сям'я засталася без сродкаў да існавання.
Хапун у Навагрудку 30 кастрычніка зладзілі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Паведамлялася, што некаторых затрыманых сілавікі самі ў іх тэлефонах падпісвалі на тэлеграм-каналы, прызнаныя "экстрэмісцкімі". Затрыманых завозілі на допыты ў Гродна.
Некалькі чалавек адпусцілі, астатніх да суда пакінулі ў следчым ізалятары. Дакладная колькасць затрыманых дагэтуль невядомая. Як мінімум шэсць чалавек застаюцца пад вартай — на іх пачалі крымінальныя справы.
Паводле інфармацыі "Белсата", у ГУБАЗіКу арыштаваных падазраюць у адміністраванні тэлеграм-чата "Партызаны Навагрудка".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.