Кітайскай будоўлі "Вялікі камень" не хапае ажно 609 рабочых

Кітайскай будоўлі "Вялікі камень" не хапае ажно 609 рабочых

Раённая газета "Край Смалявіцкі" апублікавала афіцыйную статыстыку па беспрацоўі. З 866 актуальных вакансій адразу да 609 абавязковым патрабаваннем з'яўляецца веданне кітайскай мовы. Гэта выклікана тым, што ў раёне ідзе будаўніцтва кітайскага прамысловага комплексу "Вялікі камень".

Акрамя гэтага ў Смалявічах ёсць праца на прадпрыемстве "Смалявічы Бройлер" (144 вакансіі) і Смалявіцкай раённай бальніцы (90 вакансій).

Раёнка таксама піша пра праблемы з маладымі кадрамі. У раёне застаецца толькі палова размеркаваных сюды студэнтаў і навучэнцаў. У 2014 годзе прыехала 136 маладых спецыялістаў, праз два гады засталася толькі палова з іх — 71 чалавек.

Ва Упраўленні па працы і занятасці насельніцтва Еўрарадыё пацвердзілі, што лічбы адпавядаюць рэчаіснасці. У раёне насамрэч 609 вакансій з патрабаваннем ведання кітайскай мовы. Заяўкі на іх падаюць не вельмі актыўна.

Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк "Вялікі камень" уяўляе сабой тэрытарыяльнае ўтварэнне плошчай каля 80 кв. км з асаблівым прававым рэжымам, які павінен забяспечыць камфортныя ўмовы вядзення бізнесу.

Індустрыяльны парк знаходзіцца ў Смалявіцкім раёне за 25 км ад Мінска побач з Нацыянальным аэрапортам, чыгункай, і транснацыянальнай аўтамабільнай магістраллю М1.

Эксперты ў беларуска-кітайскіх адносінах заяўляюць аб складанасцях, з якімі ў апошнія гады сутыкнулася адміністрацыя парка. У першую чаргу гэта датычыць прыцягнення замежных інвестараў. Афіцыйны Мінск разлічвае, што гэтым будуць займацца кітайскія партнёры. Для Пекіна, у сваю чаргу, "Вялікі Камень" — усяго адзін з сотняў падобных праектаў па ўсім свеце і не мае настолькі важнага значэння, як для беларусаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі