Класкоўскі: Не было б кнігі Трусава — знайшлі б іншы прыклад “русафобіі”
Ток-шоў “Час пакажа” на расійскім Першым канале выйшла ў эфір 24 лістапада і было фактычна цалкам прысвечанае абмеркаванню кнігі беларускага гісторыка Алега Трусава “Гісторыя сярэднявечнай Еўропы V—ХV ст.”. Найбольшае абурэнне “экспертаў” у студыі выклікала наступная фраза з кнігі “Але мы сапраўдныя рускія, а не тыя, што з’явіліся ў 1497 годзе. Яны — татары”.
Узнікае пытанне: чаму была абраная менавіта такая тэма ток-шоў? Па словах удзельніка праграмы, расійскага палітолага Аляксандра Сыціна, рэдактары ток-шоў патлумачылі гэта проста: маўляў, іх перадача — навінавая, і выхад кнігі Трусава стаў такой навіной-нагодай. Вось толькі наўрад ці стваральнікі ток-шоў “Час пакажа” і эксперты, запрошаныя ў студыю, чыталі кнігу Трусава ці ведаць гісторыю Беларусі часоў Вялікага Княства Літоўскага.
Нехта, канечне, стаў інфармацыйнай крыніцай. Наўрад ці тут, у Маскве, гэтую кнігу прачыталі, я сабе гэта дрэнна ўяўляю. Ведаючы кухню таго ж Расійскага інстытута стратэгічных даследаванняў, я сабе такога не ўяўляю — думаю, гэта ад вас паступіў нейкі сігнал, з боку Беларусі. Альбо ад нейкіх вельмі па-прарасійску настроеных людзей, альбо ад людзей, якія баяцца паўтарэння ў вас аналагічнага ўкраінскаму сцэнару
Палітолаг Кірыл Коктыш мяркуе, што гэта пакуль нельга лічыць абвяшчэннем інфармацыйнай вайны.
Коктыш: “Гэта пакуль не інфармацыйная вайна, а высмоктванне з пальца хоць нейкіх навін. Але калі будзе нейкі замоўца, то ўсё гэта вельмі лёгка можа перарасці ў сапраўдную інфармацыйную вайну”.
З кнігі Трусава ўвага студыі пераключаецца на сітуацыю ў Беларусі, дзе, на думку большасці прысутных, “узнімае галаву беларускі нацыяналізм, растуць праеўрапейскія настроі”. На фоне візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву тэма ток-шоў выглядае падазронай: ці не сігнал гэта беларускаму кіраўніку?
У Крамлі прымаюцца ўсе рашэнні, чаго прыслухоўвацца да таго, што балбатуны на ток-шоў кажуць? Пагавораць і сцішацца! Пуцін скажа Лукашэнку нешта непрыемнае, а той яму гэтак жа адкажа — і што? Паглядзіце на Меркель і Абаму. Ёсць стратэгічныя інтарэсы, а саюзнікі заўжды пра нешта спрачаюцца.
З расійскім калегам не згодны беларускі палітолаг Аляксандр Класкоўскі. Па яго словах, Алег Трусаў са сваёй кнігай стаў выпадковай ахвярай. Не адбылася б акурат цяпер прэзентацыя яго кнігі — узялі б іншы прыклад “русафобіі” беларусаў.
“Калі браць чыста палітычны бок, то мы бачым, што відавочна быў правальным, мяркуючы па грабавым маўчанні, візіт Лукашэнкі ў Маскву да Пуціна — відавочна, што чорны кот у дачыненнях паміж Пуціным і Лукашэнкам зноў прабег. І пры патрэбе агучаную на ток-шоў тэзу можна разгарнуць: ага, Лукашэнка не кантралюе сітуацыю, там узнялі галаву беларускія бандэраўцы, і Маскве трэба рабіць нейкія надзвычайныя захады, каб Беларусь не пайшла заганным з гледзішча Масквы шляхам”.
Тым не менш Сыцін раіць пачакаць тыдзень і паглядзець, як далей будзе “беларуская тэма” раскручвацца ў расійскай інфармацыйнай прасторы. Калі ж працяг будзе, то палітолаг раіць беларускім уладам падумаць над адказам. Тое ж раяць і Класкоўскі з Коктышам, але яны прапануюць не проста чакаць, а загадзя рыхтавацца даць адпор “наездам” расійскім СМІ.
Фота Змітра Лукашука, www.express.am