КНДР выпрабавала міжкантынентальную балістычную ракету, ЗША адкажуць санкцыямі
Пуск ракеты ў КНДР / twitter.com/cgtnrussian
КНДР пацвердзіла, што правяла выпрабаванні міжкантынентальнай балістычнай ракеты "Хвасон-17". Пуск адбыўся ў чацвер, 24 сакавіка, на загад паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына. Пра гэта паведаміла агенцтва ЦТАК (KCNA).
Снарад запусцілі з раёна Сунан, дзе размяшчаецца міжнародны аэрапорт Пхеньяна. Вышыня палёту перавысіла 6200 км, Адлегласць паміж кропкамі старту і падзення ў Японскім моры склала каля 1090 км.
У Японіі гэтыя пускі назвалі пагрозай новага парадку. Паводле слоў міністра абароны Японіі Набуа Кісі, новая ракета здольная пераадолець адлегласць больш за 15 тысяч кіламетраў і дасягнуць любой кропкі на тэрыторыі ЗША, у тым ліку — на ўсходнім узбярэжжы, піша Deutsche Welle.
Вашынгтон ужо абвясціў у гэтай сувязі пра новыя санкцыі. Абмежавальныя меры ўвядуць, у тым ліку, і ў дачыненні да некалькіх расійскіх кампаній. Адна з іх — гэта пастаўшчык металапракату "Ардыс груп", другая — фірма "Профпадшыпнік". У ЗША мяркуюць, што гэтыя прадпрыемствы перадалі "адчувальныя элементы для паўночнакарэйскай ракетнай праграмы".
Мяркуецца, што сёння ракетныя выпрабаванні КНДР абмяркуе Савет Бяспекі ААН. З пачатку года (акрамя ўчорашняга) Пхеньян правёў сем ракетных выпрабаванняў і два запускі "разведвальных спадарожнікаў", паведамлялі раней у КНДР.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.