"Крамбамбуля" запрашае на партызанскую сустрэчу ў Мінску
Гурт "Крамбамбуля" ладзіць перадканцэртную прэзентацыю альбома "Чырвоны штраль" і новага мерча: цішотак, торбаў, сувеніраў, распрацаваных дызайнерам Ігарам Назаранкам. Партызанская сустрэча з Лявонам Вольскім і музыкамі гурта пройдзе сёння ў краме "Symbal.by", што знаходзіцца ў Мінску, у ГЦ "Маскоўска-Венскі" на праспекце Незалежнасці, 58. Сустрэча стартуе ў 19.00. Падчас яе можна будзе набыць альбом "Крамбамбулі" і квіткі на віленскі канцэрт, а таксама атрымаць аўтографы.
Нагадаем, вялікая прэзентацыя альбома "Чырвоны штраль" адбудзецца 7 лістапада ў Вільні. Пасля канцэрта "Крамбамбуля" плануе спыніць дзейнасць і сысці ў лясы партызаніць.