Куды пайсці святкаваць Дзень Волі пасля канцэрта ля Опернага: гайд

Куды пайсці святкаваць Дзень Волі пасля канцэрта ля Опернага: гайд

23 сакавіка ў Мінску мусіла адкрыцца шыльда ў гонар БНР. Яна будзе ўсталяваная па адрасе Валадарскага, 9 — на будынку, у якім 25 сакавіка 1918 года была абвешчаная дзяржаўная незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі ўжо пасля Дня Волі

Але перанос часу ўсталявання шыльды не паўплывае на пачатак старту святкавання стагоддзя БНР у мінскіх пабах.

Так, у бары Beershow, што знаходзіцца побач, на Валадарскага, 7, з пятніцы па нядзелю наведвальнікі атрымаюць зніжку ў 10% у гонар свята.

"Гэта будзе зніжка на ўсю прадукцыю, якая ў нас прадаецца, незалежна ад таго, алкаголь гэта ці ежа, — абяцае ўладальніца бара Надзея. — Таксама да нас завітаюць нашы сябры з "Арт-Сядзібы" і будуць раздаваць наведвальнікам прадукцыю, звязаную са стагоддзем БНР — паштоўкі і іншыя сувеніры. Але, натуральна, гэта не будзе адбывацца з ранку да вечара, а канкрэтныя гадзіны я пакуль назваць не магу. Яшчэ будзе гучаць актуальная беларуская музыка".  

У пабе “1067” на Валадарскага, 22 з пятніцы збіраюцца наліваць святочнае піва ад крафтавага бровара Blood Brothers Brewery пад назвай “Spirit of Freedom”. Яно зваранае адмыслова да Дня Волі. Півавары кажуць, што “Spirit of Freedom” — “горкае, як гісторыя барацьбы за незалежнасць, і салодкае на посмак, як надзея на добрую будучыню”.

У нядзелю 25 сакавіка ў Кальяннай №1, што на рагу Карла Маркса і Леніна, чакаецца вечарынка з нагоды Дня Волі, якая пачнецца пасля 19.00, калі скончыцца канцэрт ля Опернага тэатра. 

"Мы плануем выступ дыджэя з міксам беларускіх хітоў, магчыма, выступіць Аляксандр Памідораў з акустычнай праграмай. Зніжка таксама будзе", — распавядае гаспадар "Кальяннай" Іван Мураўёў.

Большасць мінскіх модных пабаў збіраюцца працаваць на бліжэйшых выхадных у звычайным рэжыме. Напрыклад, у “хіпстарскім” “Хулігане” Еўрарадыё кажуць, што яны па-за палітыкай, таму будзе ўсё як заўсёды.

А вось “Грай-кафэ” чакае наведвальнікаў канцэрта ля Опернага 25 сакавіка. Праўда, кажа арт-дырэктар ўстановы Ангус, пра нейкія тэматычныя цікавосткі запарвацца не сталі:

“У нас і так хапае беларускіх мерапрыемстваў. У панядзелак мы ладзім курсы “Мова Нанова”, у сераду — “Дударскі клуб”, па нядзелях у нас народныя спевы і народныя танцы. Адмыслова мы нічога не рабілі, але чакаем людзей пасля канцэрта”.

Цікава, што “Графіці” на Дзень Волі ўвогуле не адкрыецца!

“Як можна працаваць у такі дзень!” — здзіўляецца гаспадар бара Нік Маторын.

Кажуць, традыцыйнае паці на Дзень Волі пройдзе ў славутай “Чабурэчнай”, якая непасрэдна знаходзіцца ў будынку, дзе была прынятая Трэцяя ўстаўная грамата, якая абвяшчала Беларусь незалежнай дзяржавай. “Чабурэчная” цалкам арэндаваная, так што, патрапіць туды можна хіба што па вялікім блаце.

А яшчэ крама symbal.by падрыхтавала для пакупнікоў шэраг бонусаў: зніжкі на вопратку і аксесуары з беларускім арнаментам. У падарунак пакупнікам прапануюцца значкі, плакаты, паштоўкі ды налепкі, прысвечаныя тэматыцы БНР. Так што, карыстайцеся бонусамі і ў новых шмотках ідзіце на афтэпаці Дня Волі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі