Куды схадзіць на halloween ― раіць акцёр Алег Гарбуз
Увечары 31 кастрычніка Мінск напоўніцца нячысцікамі і вампірамі, якія вылезуць са сваіх шчылінаў адзначаць hаlloween. А варыянты баўлення часу прапануе акцёр тэатра і кіно з вельмі "халаўінскім" прозвішчам ― Алег Гарбуз.
Дарэчы, сам Алег удзельнічаць у шабашы не збіраецца ― гэтага яму і ў тэатры хапае. А вось тых, хто плануе замарочыцца мэйкапам і касцюмам, выпраўляе найперш у бар "Хуліган" на Mad Party, якая гарантуе атмасферу свята і весялосці з музыкай ад EZHI, Yashar Gasanov, Alen і Milky Jerry і Андрэем Бондам у ролі вядучага:
"Гэта такі адначасова стары і новы куток Мінска, і мне падабаецца цяпер той альтэрнатыўны, хіпстарскі рух, які там адбываецца. Там будзе цікава, і пры жаданні можна заўжды змяніць карцінку, прайшоўшыся па вуліцы Кастрычніцкай".
Калі хіпстарскі "Хуліган" не "каціць", Алег Гарбуз прапануе завітаць у рок-клуб TNT у кампанію "Рэальных вурдалакаў": гасцей чакаюць смачныя кактэйлі, атмасфера страху і добрая музыка на чале з гуртом "Мэрлін Манро":
"Упэўнены, што там будзе гучаць якасная музыка і чалавека якасна абслужаць".
Яшчэ варыянты адпачынку ў halloween ад Алега Гарбуза ― далучыцца да "Паляўнічых за прывідамі" у рэстаране "Друзья" і проста папіць піва з сябрамі ды паехаць у Robinson Club на Мінскае мора, дзе "заўжды ёсць відовішча і феерверкі".
"А ўвогуле я б пайшоў на які-небудзь канцэрт класічнай музыкі і прабавіў бы вечар спакойна, без гэтага шаленства і вар'яцтва", ― прызнаецца Гарбуз.
На думку акцёра, калі ёсць настрой, то аматары hаlloween'у мусяць замарочыцца касцюмам і мэйкапам, тым больш што сёлета шматлікія кавярні і майстры прапануюць зрабіць ахвочым бясплатны макіяж.
"Я дык "пераеў" гэтымі тэатральнымі касцюмамі і строямі, ― кажа Гарбуз. ― Але людзі павінны весяліцца. І калі ў звычайны дзень "нячысціка" на вуліцы не зразумеюць, то на hаlloween ёсць шанец адарвацца і нічога табе за гэта не будзе".
Па словах Алега, hаlloween блізкі па духу беларусам сваімі паганскімі каранямі, якія цягнуцца з кельцкай культуры. Таму ў тым, што свята становіцца папулярным у беларусаў, няма нічога дзіўнага.
Ад сябе дададзім, што ўвечары 31 кастрычніка можна:
1) завітаць у Re:Public на грандыёзнае зборышча металістаў. У межах праекту 36/13 у гэты вечар (у 19.00) сыграюць монстры беларускага металу: Gods Tower, Rasta i TT-34. Канцэрт працягнецца начным паці пад назвай "Пірацкая станцыя Love".
2) патрапіць на "Halloween в Party BUS": двухпавярховы аўтобус будзе вазіць па Мінску розных нячысцікаў, для якіх будуць граць дыджэі і якім будуць наліваць гарачыя напоі. Збор удзельнікаў шаленства прызначаны ў 22.00 на Кастрычніцкай плошчы. За задавальненне давядзецца заплаціць 400 тысяч.
3) адзначыць "хэлоўін" у Аквапарку "Лябяжы": тут будуць камеры катаванняў, таямнічыя джакузі, экстрэмальныя горкі, адпачынак у басейнах, агнявое бармэн-шоў пад музыку дыджэяў. Пачнецца водны halloween у 22.00.
Загалоўнае фота: www.russianireland.com, а таксама sakiroo.deviantart.com, megogo.net