Латушка: Дэлегаты "народнага сходу" трапяць у санкцыйныя спісы
Усебеларускі народны сход / "Гомельские ведомости"
З 18-га студзеня ў санкцыйных спісах могуць з'явіцца прозвішчы дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, калі тыя не адмовяцца ад удзелу ў ім. Пра гэта заявіў сябра Каардынацыйнай рады і кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка. Прозвішчы ўдзельнікаў "народнага сходу" будуць таксама дададзены ў Адзіную кнігу рэгістрацыі злачынстваў. Спіс будзе абнаўляцца кожныя 10 дзён — ажно да 10 лютага 2021.
Паводле Латушкі, дзеянні дэлегатаў ужо парушаюць Канстытуцыю і Закон аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах.
"Лукашэнка ўжо з ног да галавы замазаў у крымінальных артыкулах сілавікоў, якія згаджаліся выконваць яго злачынныя загады. Цяпер ён замажа вас. Калі не адмовіцеся", — папярэдзіў Латушка і нагадаў, што падрыхтоўку сходу Народнае антыкрызіснае кіраванне расцэньвае як падрыхтоўку канстытуцыйнага перавароту ў Беларусі.
Усебеларускі народны сход меркавана адбудзецца 11-12 лютага. На яго запрошана 2700 чалавек — столькі гледачоў месціць зала Палаца рэспублікі. Раней на сходзе абмяркоўваліся ўраджаі, надоі і планы на бліжэйшую пяцігодку. Цяпер Лукашэнка збіраецца зрабіць са сходу канстытуцыйны орган і перадаць яму шэраг паўнамоцтваў прэзідэнта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.