Вячэрняя прабежка і праца на 2,5 стаўкі. Як беларусы змагаюцца з бессанню?
Бессань
— Магчыма, рэкамендацыі, якія вам здаюцца відавочнымі, моцна палепшаць якасць жыцця для кагосьці з чытачоў. Дапаможам адзін адному!
Па дадзеных еўрапейскіх клінічных пратаколаў, кожны дзясяты чалавек пакутуе ад бессані.
Беларускія дактары спыталі ў падпісчыкаў тэлеграм-канала “Белыя Халаты”, як тыя спраўляюцца з гэтай праблемай.
Некаторыя адказы выклікаюць усмешку ці здзіўленне, іншыя — нагадваюць пра тое, колькі часам даводзіцца працаваць беларусам, каб зарабіць на жыццё.
Прыём №1 — бег і холад
— Вячэрняя прабежка 3 км і пасля халодны душ, — дзеліцца лайфхакам адзін з падпісчыкаў.
— А на што ўплывае халодны душ? Чаму? — дзівіцца іншы.
— Перад тым як цела адпраўляецца ў свет каляровых сноў, яно павінна панізіць сваю тэмпературу. Гэта працэс засынання. І халодны душ яму дапамагае.
Прыём №2 — кніга пра сон
— Кніга "Здаровы сон" Шона Стывенсана [Аўтар знаёміць чытача з 21 стратэгіяй павышэння якасці сну, шчодра ілюструючы свой аповяд вынікамі навуковых даследаванняў. Кожная частка прысвечана разгляду аднаго са значных фактараў, якія ўплываюць на сон, сярод якіх тэмпература і якасць паветра ў спальні, адзенне для сну і паветра ў пакоі, дзе спім, часы засынання і пад'ёму, секс і гэтак далей. — Еўрарадыё].
Прыём №3 — кацянятка
— Лепшае снатворнае — мяккі, цёпленькі каток і ягонае муркатанне.
Прыём № 4 — толькі таблеткі
— Ад маёй бессані толькі мелатанін у таблетках.
Прыём №5 — гарбата замест алкаголю
— Спрабавала глыток каньяку перад сном, але, відаць, перабрала з напоем (захацелася закусіць). Перайшла на гарбату з мёдам.
Прыём №6 — кіно з заплюшчанымі вачамі
— Заплюшчваю вочы. І пачынаю разглядаць карцінкі, якія заўсёды з'яўляюцца пад павекамі. Зусім трошкі — і я заснула.
Прыём №7 — праца
— Лепшы сродак — гэта праца на 2,5 стаўкі. Засынаю за 5 хвілін.
А як змагаецеся з бессанню вы?
10 харчовых дабавак, якіх вам варта пазбягаць
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.