“Лес — адбітак душы беларуса”: Кася Сырамалот — пра фотаальбом The Belarus Book
— Мне складана растлумачыць, але я дакладна ведаю, якія мае кадры — “тыя самыя”. Ёсць фота “ў запас”, бо ніколі не ведаеш, якая кветка спатрэбіцца для ілюстрацыі. Але ў інстаграм ці ў кнігу трапляюць толькі кадры, якія прайшлі мой асабісты адбор і выклікаюць у мяне пачуцці. Гэта не проста пацверджанні, што я прысутнічала ў пэўных месцах.
Днямі Кася Сырамалот — фатографка, дызайнерка і @palasatka з інстаграма — выпусціла альбом The Belarus Book са сваімі найлепшымі кадрамі за 10 гадоў. Еўрарадыё распытала фатографку пра канцэпцыю кнігі і яе доўгі шлях да чытача.
Подпісы да здымкаў — толькі ў самым канцы
Ідэя кнігі The Belarus Book прыйшла да Касі Сырамалот два гады таму. Дзяўчына кажа, што Беларусь слаба задакументаваная, фотакніг пра яе не так шмат — “таму яшчэ адна дакладна не зашкодзіла б”. “Я хацела, каб здымкі засталіся ў гісторыі і не згубіліся. Гэта адзін з найлепшых спосабаў захаваць памяць пра тое, што мы назіралі”.
— Мне менш за ўсё хацелася, каб гэта быў тыповы альбом з “параднымі” фотаздымкамі. Наадварот, шмат славутых мясцін вы пабачыце з не вельмі тыповых ракурсаў, часу дня ці надвор’я, — дадае фатографка. — Мне хацелася больш перадаваць атмасферу мясцін. Лакацыі і людзі мусяць выклікаць у нас пачуцці. Таму подпісы да здымкаў я змясціла толькі ў самым канцы кнігі. Не хочацца, каб яны былі першаснымі. На здымках шмат музычных падзей, бо музыка — найлепшае люстэрка таго, што адбываецца.
Для афармлення The Belarus Book выкарысталі вокладку з тканіны і шведскую “экапаперу” — без аптычных адбельвальнікаў: натуральнага жаўтаватага адцення, а не белага з сінявой. Яшчэ адна асаблівасць: подпісаў на рускай мове ў кнізе няма.
— Візуальная мова зразумелая кожнаму. А што рускай мовы няма — дык затое англійская ёсць. Гэта пашырае аўдыторыю да ўсяго свету, — тлумачыць Кася Сырамалот.
Грошы, сабраныя краўдфандынгам, “завіслі” ў банку
Грошы на выданне The Belarus Book збіралі праз краўдфандынг на платформе Ulej.by. За кароткі час было сабрана каля 130% ад сумы. Але грошай каманда праекта дагэтуль не пабачыла. Пасля затрымання Эдуарда Бабарыкі платформа перапыніла работу. А Белгазпрамбанк аддаваць накраўдфанджанае не спяшаецца.
— Я вырашыла, што мне не хочацца быць віннай такой вялікай колькасці людзей. Мы звярнуліся да некаторых кампаній, і яны перадвыкупілі невялікія часткі накладу для падарункаў — гэта нам дапамагло, — расказвае Кася пра тое, як усё ж атрымалася сабраць грошы на выданне кнігі.
Фатографка дадае, што з банкам, найхутчэй, давядзецца разбірацца праз суд.
— Некаторым праектам грошы вярнулі яшчэ ўвесну, але сумы былі значна меншыя. Нічога ўцямнага, акрамя “адпісак”, банк не паведамляе. Але па законе ён не мае права затрымліваць грошы, бо ўсе умовы з нашага боку выкананыя — тым больш ёсць прэцэдэнт вяртання грошай іншым праектам.
Праз усе гэтыя акалічнасці кошт The Belarus Book узрос з 80 рублёў (перадвыкуп на Ulej.by) да 110 рублеў (папярэдняя заяўка).
Лес — адбітак душы беларуса
Кася шмат вандруе і па Беларусі, і за яе межамі. Яна кажа, што падарожжы па Беларусі адрозніваюцца адчуваннем, што “ты не госць на гэтай зямлі і маеш на яе такое ж права, як і ўсе жыхары”. “Ты маеш права быць часткай культурнага ландшафту. Ты размаўляеш з мясцовымі не як турыст, а як сусед, няхай і з іншага горада”.
— Культурнае разуменне дазваляе хутка знаходзіць агульнае з кожнай бабуляй у вёсцы. Такога узроўню камунікацыі складана дасягнуць, калі краіна не твая. Мне хочацца ведаць болей, бачыць людзей і разумець, што я магу зрабіць для краіны, — працягвае Кася. — Я зразумела, што я магу дакументаваць яе змены і прыгажосць, цяпер я пачала яшчэ здымаць шмат прыроды, птушак і дзікіх жывёл. Лес — гэта амаль што дакладны адбітак душы беларуса, таму мне падабаецца яго даследаваць.
Кася не плануе маршруты дакладна. Пазначае адно кірунак, пункты на мапе: “Часам проста адкрываю сваю “мапу пунктаў” у дарозе і гляджу, ці змагу патрапіць”.
— У кожным кутку Беларусі ёсць людзі, якія ўплываюць на сваё атачэнне і робяць нешта выдатнае. Вясковыя музыкі, прадпрымальнікі, настаўнікі, бібліятэкары, дактары — кожны можа расказаць цікавае.
— За апошнія дзесяць гадоў Беларусь моцна змянілася. Галоўным зрухам стала тое, што жыхары нарэшце асвоілі свае гарады і клапоцяцца пра іх. Пачалі развівацца дробныя мясцовыя бізнесы, культурніцкія ініцыятывы. Людзі перасталі чакаць падачак, а пачалі патрабаваць большага ад саміх сябе. Да таго большасць жыла парадыгмай “выдадуць жыллё”, “выдадуць прэмію”. А цяпер я бачу сістэму, якая базуецца на жаданнях і веры, што іх можна дасягнуць.
Безумоўна, гэта цяжкі шлях. Але апошнія 10 гадоў паказалі нам, што людзі побач — не горшыя за заморскіх. Проста ў іх досведу меней. Пытанне: што мы з гэтымі ведамі будзем рабіць далей.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.