Фота беларускі трапіла на сайт Vogue. Гэты здымак павінен вас напалохаць
Беларуска зрабіла здымак для сайта Vogue
Фатаграфія беларускі Дар'і Роскач трапіла на сайт Vogue. Нас уразіў здымак пясчанага воблака, якое павісла ў пачатку вясны над сакурай у квецені ў Вільні.
А мусіў не ўразіць, а напалохаць.
Дар’я скончыла ўніверсітэт па спецыяльнасці “Геаграфія. Ахова прыроды”. І цяпер, калі яна зачапіла вашае вока прыгажосцю сакуры і магічным словам Vogue, яна навучыць вас… сартаваць смецце.
Радаваліся сакурам у пачатку вясны, цяпер злуёмся на снег у красавіку
Калі Дар’я дасылала здымак на сайт Vogue, яна тлумачыла ў апісанні, якую небяспеку нясе гэтая прыгажосць. Але… тлумачэнне на сайт не трапіла, таму Дар’я асобна тлумачыць значэнне гэтага здымка для Еўрарадыё:
— Мы мусім разумець, калі зроблены здымак і дзе. А зроблены ён у Вільні ў пачатку красавіка. У той самы дзень, калі было +29 градусаў. Гэта нармальная ліпеньская тэмпература, але зусім не красавіцкая. Сакура ў Вільні не павінная цвісці так рана. Нават на японскіх выспах яна пачынае цвісці толькі цяпер.
А цяпер у Вільні ў мяне за акном — снег. І гэтыя моцныя халады настолькі ж ненармальныя, як тая спёка ў пачатку красавіка.
Калі мы не ведаем прыродных законаў, мы спачатку моцна радуемся — о, ранняя вясна! А пасля моцна злуёмся, калі да траўня сакуры ўжо адцвілі і прыйшоў такі холад, што не хочацца носа высоўваць на двор.
І атрымліваецца, што фотаздымак прыгожы, але паказвае, як мы сваёй дзейнасцю ўплываем на прыроду. І калі не будзем сябе стрымліваць, гэтыя змены будуць уплываць найперш на нас саміх, на людзей. Першымі гэта адчуваюць тыя, чый арганізм рэагуе на змены ў надвор’і.
А прыродзе што? Прырода ўсё верне на свае месцы. Калі чалавецтва знікне, — змрочна жартуе Дар’я.
Як было зробленае фота для сайта Vogue
Калі ў Вільні пачынаюць цвісці сакуры, усе, літаральна ўсе жыхары горада выходзяць на двор. Некаторыя нават сваё працоўнае месца пераносяць пад сакуру. Іншыя бяруць выходныя на працы ці раней забіраюць дзяцей з садкоў і школ, каб паказаць ім прыгажосць.
Дар’я ўзяла з сабою партрэтны аб’ектыў, сяброў — і планавала нарабіць ім прыгожых здымкаў. Але разам з партрэтамі атрымаўся і экаактывісцкі здымак.
Насамрэч трапіць на сайт Vogue можа любы фатограф — не трэба ніякіх “сувязяў”, толькі добры здымак і настойлівасць. Кожны панядзелак часопіс адкрывае прыём здымкаў, які пачынаецца зранку і заканчваецца ўвечары. Дар’я два месяцы кожны тыдзець пачынала з таго, што дасылала свае фота рэдактарам сайта.
Ніякіх ганарараў ці фідбэку ад Vogue аўтары ўдалых здымкаў не атрымліваюць.
Мы папрасілі Дар’ю паказаць іншыя фота, якія цягам гэтых месяцаў спрабавалі трапіць у Vogue, але (пакуль) не здолелі. Напрыклад, у той жа дзень, што і пясчанае воблака над сакурай, яна сфатаграфавала дзяўчыну, што ў віленскім садзе разлівала каву. Ні яе імені, ні гісторыі Дар’я не ведае.
— Гэта выпадковае фота, проста яна прыйшла туды і рабіла там каву, запрашала на гэтую каву ўсіх ахвочых. Насамрэч у час, калі квітнеюць сакуры, тут шмат такога. Хтосьці нават сталы прыносіў, заслаў іх абрусамі, і людзі пілі гарбатку за гэтымі сталамі. Хтосьці пікнік ладзіў, хтосьці проста шпацыраваў між сакурамі.
А на гэтым здымку спявачка Кацярына Ваданосава ў беларускім традыцыйным строі. Дар’і вельмі б хацелася, каб аудыторыя сайта з сусветным імем пабачыла прыгажосць беларускага нацыянальнага строю — і прыгажосць уласна гэтай жанчыны.
Дарэчы, сёння панядзелак, і ранкам Дар’я зноў адправіла здымкі на сайт Vogue. І на адным з іх — зноў Кацярына Ваданосава.
А гэта — хатка Дар’інай бабулі. Яна таксама “праходзіла пробы” ў Vogue. І для Дар’і было б асабліва важна, калі б рэдактары выбралі менавіта гэтае фота.
Перад тым як Vogue прыняў “Сакуру”, Дар’я адправіла рэдактарам сайта каля 10 здымкаў.
“Пакецік трэба?” — “Не, дзякуй”
Каб наступным здымкам Дар’і ў Vogue не стала чарговая прыродная дэвіяцыя — давайце сартаваць смецце. Ну, хаця б гэта.
— Давайце сачыць за сабой і хоць трошкі зніжаць свае ж уласныя адкіды. Каб людзі маглі трошкі даўжэй пажыць на гэтай планеце.
Сартаванне смецця і адмова ад пластыкавай упакоўкі — гэта тое, што можа рабіць літаральна кожны. Не скідвайце смецце ў адзін кантэйнер, пачытайце, што і як сартуецца ў вашай краіне. І нават калі пакуль не вельмі сартуецца — спрабуйце ўводзіць гэтую культуру. Шмат у якіх краінах гэта можна прапіхваць.
У Вільні з сартаваннем усё вельмі проста, і ў Беларусі таксама проста. Калі ў вас ля дома няма сартавальных бакаў — напішыце запыт у службы, і іх ахвотна вам паставяць.
Адмаўляйцеся ад “пакецікаў” на рынках — складайце гародніну ў палатняную торбачку. Ці хаця б выкарыстоўвайце тыя пакецікі, якія вам далі, па некалькі разоў.
— Для штодзённых паездак абірайце не асабісты, а грамадскі транспарт. А яшчэ лепш — ровары. І так патрошку мы будзем зніжаць ціск на наваколле. Дарэчы, сёння ж яшчэ і Дзень Зямлі! — прыгадвае Дар’я пад канец інтэрв’ю. — Удала мы пагутарылі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.