Сфоткай мяне тут (і тут!): як упрыгожваюць Мінск да Калядаў і Новага года
Перадсвяточны Мінск
Блізка выхадныя — а мы ўжо падрыхтавалі для вас расклад выхаднога дня. Куды бегчы і дзе фоткацца з раніцы да вечара.
Самыя прыгожыя падворкі і самыя атмасферныя кавярні — усё для вашых зімовых інстафота. #Мінск #Зіма #Каляднынастрой
Ракушкі на снезе
Пачніце раніцу ў... Парку Горкага! Праўда-праўда, у гэтым годзе на атракцыёнах можна пакатацца нават зімой — але толькі па выхадных. Сезон атракцыёнаў сканчаецца 25 снежня, а да гэтага часу паспейце нафоткацца на "аўтадроме" або ў "Ракушках" на фоне снегу.
Ужо выходзіце з дому? Пачакайце, паглядзіце на градуснік! Калі халадней за "мінус пяць", давядзецца мяняць маршрут — у такі мароз атракцыёны не ўключаюць.
Дзе: вул. Фрунзе, 2.
Дзе засняць цягнік "Кока-Кола"?
Занадта халодна для "Ракушак"? Сядайце на тралік і едзьце ў Зялёны Луг, каб пафоткаць (і пафоткацца) у "Каляднай краме".
"У гэтай краме вы зможаце знайсці ўсё, каб упрыгожыць сваю кватэру да Новага года, а яшчэ паглядзець на "Калядную вёску" і завіснуць каля яе на некалькі гадзін", — пішуць аўтары канала "Незнаёмы Мінск".
Шары вырабляюць прама на месцы, мануфактура працуе кожны дзень.
Такіх ёлачных шароў вы больш нідзе не знойдзеце — ёсць нават з алюзіяй на інкрустацыю саломкай! Ёсць і шарыкі для аматараў вечнай класікі: з робатам Валі і яго сяброўкай Евай. Ладна, ладна: са Шчаўкунком таксама ёсць!
І пасярод усёй гэтай прыгажосці праносіцца цягнік "Кока-кола"! Увогуле, нават на відэа з крамкі мы заліплі на добрыя паўгадзіны — уяўляем, што будзе з вамі, калі прыйдзеце туды!
Дзе: вул. Кальцова, 32.
Не толькі карп і свежыя памідоры
Усё яшчэ ходзіце на Камароўку па свежага карпа і семкі? А трэба — па фотачкі! Там таксама з'явілася крутая фотазона, прычым яе героі, здаецца, сапраўдныя беларусы — проста як з кніжак.
(Ну і семачкі можна захапіць)
Калі ўся гэта прыгажосць вас не цешыць, то, можа, парадуюць абдымкі? Вось такія плюшавыя абдымкі можна знайсці на Камароўцы, калі проста ідзеш па арэшкі.
Дзе? Ну што за пытанні, вы ж самі ведаеце! Ну добра, добра: Веры Харужай, 8.
Вы ўсё роўна пойдзеце ў гандлёвы цэнтр, так што…
Фотаздымкі з гандлёвых цэнтраў непазбежныя, пакажам, як упрыгожылі некаторыя з іх.
"Каранаваная" яліна ўжо стаіць у ГЦ "Замак". А ў "Сталіцы" са шклянога купала звісаюць велізарныя шары.
А ў "Дана Моле" наўкол вялізарнага айсберга разлягліся зубры і мядзведзі — яшчэ і галовамі варушаць. Ну так, мы ўсе ведаем пра "Дану"... Пра тое, як Dana Holdings/"Дана Астра" прайграла суд за зняцце санкцый ЕС можна пачытаць тут.
Збіраецеся з'ехаць з Мінска на святы? Тады па дарозе на вакзал забяжыце ў ГЦ "Галілеа". Там на 4-м паверсе на фудмоле "Канкорс" стаіць цэлы навагодні цягнік. Асцярожна, не спазніцеся на свой звычайны цягнік!
Калі хочацца ў рамком
Ну і вядома ж пагуляйце па фотазонах мінскіх крамачак і кавярэнак! Нам, да прыкладу, спадабалася, як аформілі ўваходную групу ў Klumba Varka (фларыстычны буцік) у Новай Баравой.
А сетка кавярняў "Параграф", якая прыйшла ў Мінск з Брэста, год за годам проста заклікае зняць у сваіх інтэр'ерах які-небудзь святочны рамком.
Мінскае мора агнёў
Падворак у "Пінкі" добры ў любую пару года, так што калі не паспелі сфоткацца ў восеньскай фотазоне — бяжыце рабіць фоткі ў зімовай!
Прыходзьце, калі сцямнее — там усё зазіхаціць агнямі, вялікімі і маленькімі.
Дзе: вул. Камсамольская, 13а.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.