Лідар АГП піша, што ўмовы ўтрымання ў СІЗА пагаршаюцца
Мікалай Казлоў / facebook.com/unitedcivilparty
Апошнім часам умовы ўтрымання ў СІЗА пагаршаюцца, напісаў у лісце родным лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Мікалай Казлоў. Пра гэта паведамляе "Народная воля".
Казлова асудзілі на тры месяцы за выдаванне дадзеных следства па справе Каардынацыйнага савета. Адбываць пакаранне яго накіравалі ў баранавіцкае СІЗА.
Палітык напісаў, што ўмовы зрабіліся горшымі, але падрабязнасці абяцаў паведаміць пазней. Ён па-ранейшаму знаходзіцца адзін у камеры. На прагулцы ён таксама ў адзіноце.
"Хаця прагулкамі гэта, па вялікім рахунку, назваць складана. Мікалай напісаў: "У найлепшым выпадку 2-3 разы на тыдзень на 30-40 хвілін трапляю на паветра", — расказвае сястра Казлова Іна.
Акрамя таго, з'явілася праблема з карэспандэнцыяй. Аддаюць лісты толькі ад родных. Яшчэ прапусцілі два лісты ад калегі па партыі. Але Іне вядома, што яе брату пішуць многія.
"Скажам так, ствараецца пэўная інфармацыйная блакада", — кажа яна.
У камеры па-ранейшаму гучна працуе радыё, якое часам "раве, як на танцах у клубе, а таму можна падумаць, што знаходзішся ў вар'яцкім доме". Пры гэтым ніякіх навін радыё не транслюе.
Палітык таксама спрабуе аспрэчыць свой статус "схільнага да экстрэмізму". Адказу на яго заяву пакуль няма.
Беларускія праваабаронцы прызналі Мікалая Казлова палітвязнем.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.