Лідары беларускай апазіцыі заклікалі не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

Лідары беларускай апазіцыі заклікалі не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў

Лідары беларускай апазіцыі Мікалай Статкевіч, Уладзімір Някляеў і Анатоль Лябедзька заклікалі міжнародную супольнасць не прызнаваць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Пра гэта яны заявілі на сумеснай прэс-канферэнцыі, якая прайшла ў Мінску ўвечары 11 кастрычніка.

"Завяршылася палітычная кампанія пад назвай "выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь", — цытуе словы Някляева БелаПАН. — Яна склалася цалкам прадказальнай: было заяўлена, што сапраўдны прэзідэнт — гэта такі прэзідэнт, які мае не менш 82% (маецца на ўвазе нядаўняе выказванне Лукашэнкі), і гэта спраўджваецца".

Па словах Някляева, лідэры апазіцыі сабраліся, каб заявіць: "згуляны беларускім рэжымам выбарчы спектакль выбарамі не лічым, і гэтыя выбары не прызнаем". Падстаў для гэтага больш чым дастаткова, падкрэсліў ён. "Гэта не толькі дадзеныя незалежных назіральнікаў, але і той факт, што ўлада ажыццявіла падробку, — сказаў палітык. — Ніколі яшчэ так гвалтоўна рэжым ня заганяў людзей на выбарчыя ўчасткі для датэрміновага галасавання, дзе па вопыту папярэдніх кампаній, мы ведаем, што адбываюцца стопрацэнтныя фальсіфікацыі".

Па словах Някляева, гэтую выбарчую кампанію можна назваць "як заўгодна, толькі не выбарамі". "Гэта здзек над народам, здзек над грамадзянамі Беларусі. Мы заклікаем міжнародную супольнасць менавіта так ацаніць тое, што адбылося 11 кастрычніка, і гэтыя выбары ні ў якім разе не прызнаваць", — заявіў палітык.

У сваю чаргу лідар Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначыў: важна не дапусціць не толькі прызнання выбараў, але і легітымнасці Лукашэнкі на міжнароднай арэне.

Здымак з архіву. Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі