Падаткавікі павялічылі выручку мінскага рэстарана, паставіўшы відэакамеры
Відэакамера на верхняй паліцы ў мінскім рэстаране
Выручка ў адным з мінскіх рэстаранаў рэзка вырасла пасля таго, як падатковая інспекцыя паставіла там відэакамеры дзеля "прафілактычных мэтаў", паведамляюць ва ўпраўленні аператыўных мерапрыемстваў інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Мінску.
У падатковай не кажуць, які менавіта рэстаран трапіў пад відэаманіторынг. Кажуць толькі, што гэта "адна з найстарэйшых устаноў Мінска, якая знаходзіцца ў самым яго цэнтры і карыстаецца ўстойлівай папулярнасцю ў турыстаў і жыхароў сталіцы".
Усталяванне відэакамер падаткавікі назвалі "рэальна апошняй спробай дагрукацца да рэстаратараў бязбольнымі прафілактычнымі інструментамі". Пры выяўленні новых парушэнняў ўстанову б чакала аператыўнае мерапрыемства.
Праз два дні маніторынгу падаткавікі падлічылі наяўную выручку рэстарана. Выявілася, што за гэты перыяд яна склала больш за 25% ад наяўнай выручкі за ўвесь мінулы год.
"Што тут можна падумаць: "Работнікі ўстановы, вы ў шоку? Толькі цяпер даведаліся пра існаванне гатоўкі?" Выбачайце, вядома, за сарказм, але вынік двух дзён маніторынгу кажа сам за сябе!" — абураюцца падаткавікі. Яны кажуць, што і без відэакамер здагадваліся, што адбываецца ў рэстаране. Цяпер уладальнікам установы прапанавалі "добраахвотна даплаціць нявыплачанае".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.