Польшча выступіла за пазбаўленне ўкраінскіх мужчын сацыяльных выплат у ЕС

Радаслаў Сікорскі

Радаслаў Сікорскі / WP Wiadomosci

Кіраўнік МЗС Польшчы заклікаў краіны ЕС пазбавіць украінскіх мужчын сацыяльных выплат і тым самым стымуляваць іх вяртанне дадому. Пра гэта ён заявіў на штогадовай сустрэчы Ялцінскай еўрапейскай стратэгіі (YES).

Па словах Радаслава Сікорскага, цяперашняя палітыка многіх сталіц Еўрасаюза шкодзіць абароназдольнасці і эканамічнай стабільнасці Украіны, паколькі прапануе эканамічныя прэферэнцыі для мужчын мабілізацыйнага ўзросту.

Паводле яго слоў, у Германіі ўкраінцы, знаходзячыся пад часовай абаронай, атрымліваюць больш за 1000 еўра на жыллё і пражыванне, і гэта распаўсюджваецца таксама на мужчын.

"Ёсць просты метад дапамагчы Украіне — спыніце аказваць дапамогу ўкраінцам, якія падлягаюць мабілізацыі. Утойванне ад прызыву — гэта не падстава для фінансавай дапамогі. Проста спыніцеся ім плаціць", — сказаў польскі міністр, падкрэсліўшы, што Польшча не дае падобнай сацыяльнай падтрымкі.

Ініцыятыву Сікорскага падтрымаў новы кіраўнік украінскага МЗС Андрэй Сібіга. "Час сапраўды ўзняць пытанне пра распрацоўку Еўрасаюзам праграм па вяртанні ўкраінцаў на радзіму", адзначыў Сібіга.

Раней Кіеў заклікаў з'ехалых мужчын вярнуцца і абараняць радзіму. На заканадаўчым узроўні мужчынам ва ўзросце ад 18 да 60 гадоў забаронена пакідаць Украіну без адмысловага дазволу. Аднак многія, каб пазбегнуць прызыву, уцякаюць за мяжу. Некаторыя пераплываюць рэкі, каб трапіць у Беларусь.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі