"Ліверпуль" абыграў "Напалі" і выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў (відэа)

"Ліверпуль" абыграў "Напалі" і выйшаў у плэй-оф Лігі чэмпіёнаў (відэа)

У аўторак прайшлі шэсць матчаў групавога раўнда футбольнай Лігі чэмпіёнаў. У найбольш складанай сітуацыі быў "Ліверпуль", якому для выхаду ў плэй-оф была патрэбна толькі перамога над "Напалі". І яе ўдалося здабыць, дзякуючы голу Махамеда Салаха на 34-й хвіліне. У іншым паядынку групы "С" ПСЖ у гасцях разграміў "Црвену Звезду" — 4:1. ПСЖ набраў 11 ачкоў, "Ліверпуль" і "Напалі" — па 9 (англійскі клуб абышоў італьянскі па дадатковых паказчыках), "Црвена Звезда" — 4.

У групе "А" "Бруге" і "Атлетыка" згулялі ўнічыю 0:0, "Манака" прайграў "Барусіі" з Дортмунда — 0:2. "Барусія" мае 13 ачкоў, "Атлетыка" і "Бруге" — па 6 (пуцёўку ў плэй-оф па дадатковых паказчыках атрымаў іспанскі клуб), "Манака" — 1.

У групе "В" "Барселона" і "Тотэнхэм" згулялі ўнічыю 1:1, з такім жа лікам скончыўся матч "Інтэра" і ПСВ. "Барселона" набрала 14 ачкоў, "Тотэнхэм" і "Інтэр" — па 8 (далей ідзе англійскі клуб), ПСВ — 2 ачкі.

У групе "D" "Порту" ў гасцях абыграў "Галатасарай" — 3:2. Беларускі арбітр Аляксей Кульбакоў прызначыў у гэтым матчы аж тры пенальці. Адзін з іх гаспадары поля не рэалізавалі. "Шальке" абыграў маскоўскі "Лакаматыў" — 1:0. "Порту" набраў 16 ачкоў, "Шальке" — 11, "Галатасарай" — 4, "Лакаматыў" — 3 ачкі.

У сераду пройдуць яшчэ восем матчаў апошняга тура групавога раўнда Лігі чэмпіёнаў: "Рэал" — ЦСКА, "Вікторыя" — "Рома", "Аякс" — "Баварыя", "Бенфіка" — АЕК, "Шахцёр" — "Ліён", "Манчэстар Сіці" — "Хофэнхайм", "Янг Бойз" — "Ювентус", "Валенсія" — "Манчэстар Юнайтэд".

"Аякс", "Баварыя", "Манчэстар Сіці", "Рэал", "Рома", "Манчэстар Юнайтэд" і "Ювентус" ужо выйшлі ў плэй-оф. За апошнюю пуцёўку пазмагаюцца ў Кіеве "Шахцёр" і "Ліён".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі