Лукашэнка хоча вывесці беларускія аблігацыі на кітайскі фінансавы рынак
18 красавіка Аляксандр Лукашэнка парвёў сустрэчу са старшынёй Пастаяннага камітэта Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў Чжан Дэцзянам.
У сваёй прамове беларускі кіраўнік падкрэсліў, што высокі ўзровень палітычных адносін паміж краінамі павінен падцягнуць за сабой і эканоміку, паведамляе яго прэс-служба.
Лукашэнка прапанаваў Чжан Дэцзяну падрабязна абмеркаваць далейшае станаўленне індустрыяльнага парку "Вялікі Камень". На думку кіраўніка Беларусі, галоўнае ў гэтым пытанні — прыцягненне інвестараў.
Таксама ён прапанаваў актывізаваць супрацу ў фінансавай сферы. Па словах Лукашэнкі, ужо ёсць папярэднія дамоўленасці пра выхад China CITIC Bank на беларускі рынак, і чакаюць толькі дазволу кампетэнтных органаў Кітая.
"Акрамя таго, мы зацікаўленыя размясціць беларускія аблігацыі на вашым фінансавым рынку. Патрэбныя адпаведныя даручэнні для аператыўнага праходжання працэдур у Народным банку Кітая", — дадаў кіраўнік Беларусі.
Разам з тым ён звярнуў увагу на незбалансаванасць двухбаковага гандлю з Кітаем. "Мяне вельмі турбуе — і вы, напэўна, гэта заўважылі — незбалансаванасць нашай двухбаковага гандлю. Вельмі прасіў бы вас надаць сур'ёзную, пільную ўвагу гэтаму пытанню як у рамках работы беларуска-кітайскага міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве, так і на ўзроўні кіраўнікоў урадаў дзвюх краін, парламентарыяў", — падкрэсліў Лукашэнка.