Лукашэнка не паляціць у Турцыю на інаўгурацыю Эрдагана
Уладзімір Андрэйчанка даведаўся, што паляціць у Турцыю / Ілюстрацыйнае фота sb.by
Аляксандр Лукашэнка не паляціць у Турцыю на інаўгурацыю прэзідэнта Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Рэспубліку Беларусь прадставіць старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка. Інаўгурацыя прызначана на 3 чэрвеня.
У МЗС РБ паведамілі, што запрашэнне было атрымана 1 чэрвеня. Чаму не паедзе Лукашэнка, там не патлумачылі. "Улічваючы высокі ўзровень палітычных і гандлёва-эканамічных адносін з Турцыяй, а таксама актыўнае міжпарламенцкае ўзаемадзеянне бакоў, у гэтым урачыстым мерапрыемстве прыме ўдзел старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрэйчанка", — заявіў прэс-сакратар ведамства Анатоль Глаз.
Рэджэпу Таіпу Эрдагану 69 гадоў. У 2003-2014 гадах ён быў прэм'ер-міністрам Турцыі. З 2014-га — прэзідэнт. Нядаўна ён выйграў прэзідэнцкія выбары ў другім туры (набраў 52%).
Апошні раз Лукашэнка і Эрдаган сустракаліся ў кастрычніку 2022-га на саміце ў Астане. У віншаванні з перамогай на выбарах Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што "разлічвае на хуткую сустрэчу з прэзідэнтам Турцыі". Але яна адкладаецца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.