Лукашэнка паабяцаў кітайскім кампаніям максімальна спрыяльныя ўмовы
Беларусь гарантуе кітайскім кампаніям максімальна спрыяльныя ўмовы гаспадарання. З такой заявай Аляксандр Лукашэнка выступіў 29 жніўня на сустрэчы з дэлегацыяй Народнага ўрада кітайскай правінцыі Хунань. Дэлегацыю ўзначаліў мэр урада цэнтральнага горада Чанша Ху Хэнхуа і прэзідэнт кампаніі Zoomlion Чжань Чуньсінь.
Кіраўнік Беларусі згадаў станоўчыя вынікі супрацы кітайскай кампаніі Zoomlion з нашай краінай: доследныя ўзоры будаўнічай і камунальнай тэхнікі гэтай кампаніі выпушчаныя на базе шасі МАЗ.
"У Магілёўскай вобласці ёсць прамысловы патэнцыял, які можна рэалізаваць з прыцягненнем вядучых прадпрыемстваў правінцыі Хунань, тым самым пашырыўшы вашу прысутнасць у краінах Еўразійскага саюза і Еўропы. І пры гэтым мы гарантуем кітайскім кампаніям максімальна спрыяльныя ўмовы гаспадарання", — цытуе БЕЛТА словы Лукашэнкі. Ён дадаў, што гатовы выслухаць і кітайскія прапановы наконт супрацы.
У адказ Ху Хэнхуа прапанаваў развіваць міжрэгіянальнае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем. Кітайская дэлегацыя за два дні плануе наведаць некалькі заводаў у Мінску і Магілёве. Прадстаўнікі дэлегацыі бачаць добрыя перспектывы для далейшага ўзаемадзеяння з такімі прадпрыемствамі, як МАЗ, МТЗ, "Гомсельмаш", "Строммашына". Разглядаецца таксама магчымасць стварэння сумеснага інжынернага цэнтра.