Лукашэнка паехаў на першавераснёўскую лінейку ў Александрыю

Лукашэнка паехаў на першавераснёўскую лінейку ў Александрыю

Аляксандр Лукашэнка наведаў першавераснёўскую лінейку ў Александрыйскай школе ў Шклоўскім раёне — менавіта тут ён сам атрымаў сярэднюю адукацыю. Як перадае БЕЛТА, кіраўнік краіны выступіў перад вучнямі школы, настаўнікамі і бацькамі. Ён сказаў, што гады навучання ў школе сталі для яго “дарагімі сэрцу ўспамінамі”.

Паводле Лукашэнкі, дзеці павінны ўсведамляць каштоўнасць школьнай пары і разумець, што ўрокі, кантрольныя і экзамены — гэта свайго кшталту рэпетыцыя дарослага жыцця.

“Гэта і ёсць той каштоўны досвед, які стане для вас сур'ёзнай апорай у будучыні. Гэта ваш першы жыццёвы досвед”, — сказаў Лукашэнка. “Тут і цяпер побач настаўнікі, якія заўсёды дадуць шанец выправіць памылкі, дапамогуць знайсці выйсце з любой сітуацыі, падтрымаюць і накіруюць. І, як паказвае практыка, самыя патрабавальныя, але ўважлівыя і мудрыя настаўнікі назаўсёды застаюцца ў памяці сваіх вучняў. Часта з'яўляюцца для іх арыенцірам у выбары будучай прафесіі”, — адзначыў ён.

Таксама Лукашэнка сказаў, што ў сучасным свеце дзяцей трэба вучыць хутка прымаць рашэнні, а ключ да ўпэўненасці ў будучыні — гэта веды, “не дзеля адзнакі, а дзеля дасягнення высокіх мэтаў, не павярхоўная інфармацыя, якая даступная ў кожным гаджэце”.

 «Так, мы жывём у эпоху інфармацыйных тэхналогій. Зазірнуўшы ў той самы гаджэт, можам імгненна атрымаць адказ на любое пытанне. Але не гэта робіць чалавека больш разумным і больш адукаваным, а лагічнае мысленне, уменне разважаць і рабіць правільныя высновы, абапіраючыся на ўласны інтэлект і эрудыцыю. Развіваць іх трэба ў школьным узросце. І лепшыя памочнікі на гэтым шляху — вашы настаўнікі і бацькі», — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Ён упэўнены, што новы навучальны год абавязкова будзе паспяховым для школьнікаў, калі яны адразу падрыхтуюцца да сур'ёзнай працы. Апроч таго, Лукашэнка заклікаў болей увагі надаваць фізічнай актыўнасці дзяцей, якая будзе найлепшым адпачынкам пасля разумовых нагрузак.
 

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі