Лукашэнка прыставіў ахову да збеглага суддзі Шмыта
Томаш Шмыт
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што даручыў праваахоўным органам забяспечыць ахову збеглага польскага суддзі Томаша Шмыта. Заява прагучала 9 траўня на святкаванні Дня Перамогі.
"Каб мярзотнікі гэтыя не загубілі чалавека. Але ён кажа: "Я ведаю, на што іду". Мужны мужык. З нармальнай галавой, нармальны чалавек, наколькі я цяпер валодаю інфармацыяй", — перадае прэс-служба Лукашэнкі ягоныя словы.
Таксама ён паабяцаў разгледзець заяву Шмыта аб прадастаўленні палітычнага прытулку. Ён абверг заявы польскага боку, што Шмыт быў завербаваны беларускімі спецслужбамі.
"Асобныя кажуць, што мы з расіянамі вярбуем такіх людзей, што гэта нашы агенты, нашы супрацоўнікі. Лухта поўная! Гэтага чалавека я ўбачыў, толькі калі ён праводзіў прэс-канферэнцыю. Гэта абсалютна нармальны чалавек", — кажа Лукашэнка.
У сувязі з гісторыяй Шмыта ён прыгадаў іншага польскага перабежчыка ў Беларусь — вайскоўца Эміля Чэчку. Паводле Лукашэнкі, Чэчку забілі.
Польскі салдат Эміль Чэчка перабег у Беларусь 16 снежня 2021 года і папрасіў палітычнага прытулку. Яго выкарыстала беларуская прапаганда для аповедаў пра масавыя забойствы мігрантаў і валанцёраў, якія нібыта ўчынялі на мяжы польскія вайскоўцы. 17 сакавіка 2022 года Чэчку знайшлі павешаным у Мінску ў яго дома. Вынікі праверкі па факце яго смерці не агалошваліся.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.