Лукашэнка распавёў пра місію кітайскага народа
Аляксандр Лукашэнка, які знаходзіцца з трохдзённым візітам у Кітаі, даў інтэрв'ю кітайскай газеце "Жэньмінь Жыбаа". Як вядома, у Кітаі адзначаюцца чарговыя ўгодкі перамогі ў Другой сусветнай вайне. У Пекіне прайшоў ваенны парад, за якім назіраў і Лукашэнка. Таму не дзіўна, што і ў інтэрв'ю кіраўнік Беларусі шмат гаварыў пра Другую сусветную вайну.
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, любыя спробы змяніць гісторыю асуджаныя на правал. Ён адзначыў, што пэўныя сілы ў свеце спрабуюць перагледзець вынікі вайны, каб "аспрэчыць цяперашнія правы і інтарэсы краін, якія вынеслі асноўны цяжар вайны ў Еўропе і Азіі". Лукашэнка нагадаў пра вялізныя страты, якія панеслі тады беларускі і кітайскі народы.
"На Кітай ускладзена асаблівая, калі хочаце, гістарычная місія: калі паўтарамільярдны кітайскі народ будзе памятаць і шанаваць вынікі і праўду пра Другую сусветную вайну — нікому не ўдасца яе сказіць, аддаць забыццю", — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА.
Фота: ria.ru