“Людзі яго любілі. Нелюдзі — забілі”. Беларусы рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна

Алесь Пушкін / Архіў мастака
Алесь Пушкін / Архіў мастака

“Нязломны барацьбіт, мастак, ваяр, сябра. Яны не зламалі яго, яны яго забілі. Нам належыць не забыцца, не дараваць. Вока за вока”.

Так рэагуе на раптоўную смерць Алеся Пушкіна рок-музыка Піт Паўлаў. Шмат у каго сёння з’явіліся думкі пра тое, што мастак, які вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах свету, быў забіты невыноснымі катаваннямі за кратамі.

Сваімі меркаваннямі, успамінамі і спачуваннямі беларусы дзеляцца ў сацсетках.

 

Ірына Kovabata, мастачка

Мастак Алесь Пушкін памёр сёння ў турме... Жахлівая навіна.

Я памятаю яго са школы, і хоць ён быў на пяць гадоў старэйшы, але яго ведалі ўсе. Ён ужо тады быў легендай. І калі я вучылася ў 10-м класе, я памятаю, як ён прыязджаў у школу пасля службы ў Аўганістане — худы і чорны ад загару, толькі блакітныя вочы зіхацелі. Яго сустракалі ўсёй школай, як героя, — дзеці, настаўнікі, адміністрацыя, выхавальнікі, нават нянечкі.

Людзі яго любілі. Нелюдзі яго забілі…
Светлая памяць Алесю. Спачуванні яго родным і блізкім.

 

Марына Леваценка, актывістка беларускай дыяспары ў Бельгіі

Немагчыма паверыць, калі асабіста ведаў яго, калі хадзіў з ім ў адну школу, калі марыў паспяваць, паскакаць і патанчыць з ім на Купаллі ў Бабры, калі пісаў яму лісты і чакаў яго на волі….

 

Ігар Карней, журналіст

Так хацелася да апошняга верыць, што ўсё з Алесем Пушкіным — толькі фэйк, непаразуменне. Але вось і сын Міколка пацьвердзіў: атрымалі з адпаведных устаноў тэлефанаванні, што няма больш бацькі, сябра, творцы... Шок... Хоць усё ж трэба дачакацца, пакуль сваякі ўбачаць на ўласныя вочы.  

На фотках мы неўзабаве пасля ягонага гістарычнага "гнойнага" перформанса і наступнага суду — яшчэ ў часы палітычнага вегетарыянства, якое, праўда, і тады ўжо падавалася як нешта ненармальнае… Але яшчэ не зусім анамальнае. Хто б мог уявіць ажно такі фінал…

“Людзі яго любілі. Нелюдзі — забілі”. Беларусы рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна
Падчас размовы / Архіў журналіста
“Людзі яго любілі. Нелюдзі — забілі”. Беларусы рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна

Аксана Марыя Ючкавіч, журналістка

Алесь Пушкін. Беларускі мастак, палітвязень, які загінуў сёння ўначы пры "нявысветленых абставінах". Чалавек, які заўсёды з усіх сілаў любіў Беларусь, яго рука мастака прычынілася да аднаўлення многіх рэлігійных месцаў нашай краіны. 
Заўсёды адважны, заўсёды аптымістычны, заўсёды праўдзівы і справядлівы.
Дагэтуль немагчыма паверыць у тое, што яго не зможам убачыць і пачуць. Жудасны боль ад страты для ўсёй беларускай зямлі. І пытанне: як так? І колькі яшчэ?

Здымкі ўзятыя з рэсурса catholic.by, Алесь быў у 2016 годзе ўдельнікам мастацкага пленэру ў Друі.

“Людзі яго любілі. Нелюдзі — забілі”. Беларусы рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна
Алесь Пушкін / catholic.by

Вольга Шпарага, філосафка

Чарговае забойства ў беларускай турме. Алесь Пушкін, адна з найважнейшых фігур беларускага палітычнага мастацтва. У 2015 годзе, у падзяку за артыкул пра ягоны перформанс "Падарунак прэзідэнту" 1999 года, Алесь падарыў мне вось гэты вазок з валошкамі са словамі: калі Лукашэнка зрачэцца ўлады, я падару яму гэты вазок. І ў 2020 годзе на адным з маршаў ён сказаў мне: “вось і ты прайшла зараз баявое хрышчэнне”. Ён быў тады шчаслівы, бачачы столькі людзей на вуліцах. Ён выходзіў на маршы, хаця прайшоў праз брутальныя збіванні першых паслявыбарчых дзён. Выехаў на выставу пра беларускія пратэсты у Кіеў у 2021 годзе і вярнуўся ў Беларусь, калі на яго ўжо завялі крымінальную справу. Валошкі цяпер, нібы ў памяць пра самога Алеся і ў падзяку яму за ягоную смеласць і веру ў Беларусь і ўсіх нас. Светлая памяць.

“Людзі яго любілі. Нелюдзі — забілі”. Беларусы рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна
Карціна Алеся Пушкіна / Вольга Шпарага

Марыя Грыц, журналістка

Я пісала Алесю Пушкіну лісты. Нядаўна прыдумала вучыцца маляваць, то і малюнкі дасылала з прыпіскай, што калі яму мала катаванняў у турме, то вось яшчэ і мае "творы" пад'ехалі.

Сёння я зразумела бабулін выраз, што лішняга здароўя няма. Вядома, гэта забойства, Алесю не аказалі сваечасовую дапамогу, давялі да такога жахлівага стану. Але як істотна берагчы сябе, каб у любой сітуацыі мець запас здароўя на гэтае ўсё…

 

Аляксандр Памідораў, музыка

Яшчэ адзін счарнелы дзень нашай гісторыі, нашай культуры, нашага мастацтва... таго, што сваім жыццём, кроўю і воляй пісаў мастак, артыст Алесь Пушкін, без перабольшвання, забіты сёння ўначы... Гэта не нагадвае, гэта сапраўдная вайна.

Алесь пакінуў не тое, каб запавет, а хутчэй прыклад, як захаваць сябе сумленным, вольным, свабодным, прынцыповым, шчырым ды смелым Чалавекам. Нават і ў тым, каб прынесці ў ахвяру самога сябе...
Валадарства Нябеснае! Вечная Памяць…

“Людзі яго любілі. Нелюдзі — забілі”. Беларусы рэагуюць на смерць Алеся Пушкіна

Лілія Гусарава, настаўніца беларускай мовы і літаратуры

Ён памёр. Алесь Пушкін.
Я памятаю сваю першую смерць. Мне было 14. А ён быў проста знаёмы. І цяпер я адчула гэта зноў. Гэтае падлеткавае балючае ўражанне…
І там на курылцы я стаяла і слухала. Там расказвалі. Я так расхвалявалася, што пачала хадзіць кругамі і сціскала тканіну сваіх шортаў. Мне трэба было за нешта схапіцца, каб на разрывала, не балела. Я сціскала жывот, бо менавіта аддутль гэта вылезе: нешта страшнае. І я распадуся.

 

Іван Майсейчык, святар

Гора на горы едзе, і горам паганяе, як казалі мае бацькі... 
Чарговая смяротная ахвяра лукашэнкаўскай дыктатуры: пры "нявысветленых абставінах" у рэжымнай катавáльні (а там церпяць здзек, катаванні і нягоды яшчэ каля 2000 тысяч палітычных зняволеных) памёр беларускі патрыёт, мастак, іканограф Алесь Пушкін. 

Няма ніякіх сумненняў, што ён быў забіты, таксама, як Вітольд Ашурак...

У нашай царкве ў Антверпене мы маем храмавую ікону Уваскрасення Хрыстовага, напісаную для нашай парафіі Алесем...
Вечная памяць!

 

Яўген Валошын, журналіст

— Паглядзі на ягоныя прыгожыя, блакітныя вочы, — Алесь Пушкін бачыў цудоўнае нават у самых слізкіх асобінах. 
Таму не дзіўлюся, што ў 2020-м ён успрымаў Лукашэнку і ягоных паплечнікаў ўсяго толькі як грэшнікаў. Ну а калгасны неасталінізм забяспечыў Алесю павольную і жудасную гібель (мяркуючы па ўсім).  

***
Седзячы за мяжой, а не ў турэмных засценках, я адчуваю сорам перад Алесем Пушкіным, Змітром Дашкевічам і іншымі шчырымі беларусамі.

Прабач, Алесь, паспрыяць вызваленню палітзняволеных я не магу. Не магу зрабіць нічога карыснага і канструктыўнага.

Агулам, сітуацыя такая, што палітычных суб’ектаў за мяжой мы, лічы, не маем. Яны ці то не могуць, ці то не хочуць. Але ўмеюць зарабляць на тваім імені і імёнах тысячаў палітвязняў.

Усё, што нас можа ўратаваць — гэта Божы цуд. Ты ж згодны? Няхай так і будзе. Да сустрэчы ў іншым свеце. Жыве вечна!

 

Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік

Апошні раз мы бачыліся з Алесем падчас аднаго з вераснёўскіх маршаў 2020-га. Сустрэліся выпадкова і прайшлі разам ад ГУМу да Палаца Спорту. Алесь нёс у руках партрэт Каліноўскага.

Мы былі знаёмыя з 90-х. І чым даўжэй былі знаёмыя, тым радзей бачыліся і тым менш супадалі нашыя погляды. Адзіным, дзе паміж намі заўсёды была згода, былі беларуская мова і беларуская незалежнасць. Калі я пісаў пра ягоны самы славуты перформанс для адной са сваіх кніг, дык паказаў яму тэкст, каб нічога не наблытаць. Тэкстам ён быў задаволены. Дагэтуль памятаю фразу з аднаго ягонага інтэрв’ю: "Народ без нас як бараны рассеяныя..." Ён верыў у тое, што калі будзе нязломнай творчая эліта — паўстане і нацыя.

Алесь быў неімаверна таленавітым, правакацыйным і смелым мастаком і добрым чалавекам. Такім для нас і застанецца. Астатняе ўжо не важна. Застанецца мастаком і чалавекам, якога забілі ў турме. Забіла гэтая ўлада. Яго забілі за мову, за талент і смеласць. За тое, што ён беларус Алесь Пушкін.

І гэтае забойства дараваць нельга. Як жа хочацца дажыць да суду над суддзямі і катамі. Калі мне кажуць, што Беларусь не канцлагер, я прызнаю, што тым, хто жыве ў ёй, лепш відаць і ведаць. Не дык не. Я толькі ціха прашу: тады скажыце, што ўсё, што мы чытаем тут у навінах, тое, што расказваюць нашыя знаёмыя і сябры — няпраўда. Скажыце, што гэта няпраўда. Маўчаць.

Цікава: як адгукнуцца на гэтае забойства іншыя беларускія мастакі. Члены саюзаў, удзельнікі мілых бяспечных выставаў, тыя, хто робіць выгляд, што ўсё нармальна.

Але ўсё гэта і праўда не важна. Нацыяналізм, нашыя спрэчкі, нашыя падзелы на правых, левых, кансерватараў, нацыяналістаў, постмадэрністаў. Алеся няма. А тыя, хто яго ведаў — хто сядзіць, хто маўчыць, хто ўцёк, хто застаўся. Усім нам балюча.

Светлая памяць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі