Мадура заявіў, што аднаўляе перамовы з апазіцыяй
Нікалас Мадура / twitter.com/NicolasMaduro
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура заявіў, што аднаўляе перамовы з апазіцыяй. "Я працягваю сваю руку ўсёй венесуэльскай апазіцыі, як заўсёды, для дыялогу, — піша ён у Twitter. — Я дзякую Нарвегіі і ўраду Мексікі за іх гатоўнасць зрабіць мір і дыялог дасягненнем венесуэльскага народа. Гэта і ёсць дэмакратычны шлях!".
Перамовы адновяцца ў Мехіка 26 лістапада. Раней Мадура тлумачыў іх неабходнасць жаданнем "выратаваць частку мільярдаў долараў", якія сталі недаступныя для ўладаў Венесуэлы з-за санкцый.
Нікалас Мадура кіруе Венесуэлай з 2013 года. Улада пад ім захісталася, калі ў 2019-м лідар апазіцыі Хуан Гуайдо аб'явіў сябе выканаўцам абавязкаў прэзідэнта. Яго прызналі шмат краін свету, а сярод іх ЗША. Мадуру ж падтрымліваюць Расія, Беларусь, Іран, Куба, КНР, Сірыя і шэраг іншых краін. Яму ўдалося ўтрымаць уладу, але санкцыі зрабілі сваю справу — давялося пагадзіцца на перамовы з апазіцыяй.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.