Макей: Дамова аб Саюзнай дзяржаве перагляду не патрабуе

Макей: Дамова аб Саюзнай дзяржаве перагляду не патрабуе

Расія і Беларусь не маюць ніякіх праблем у адносінах і будуць надалей каардынаваць свае падыходы на міжнароднай арэне. З такой заявай выступіў беларускі міністр замежных спраў Уладзімір Макей на прэс-канферэнцыі ў Маскве. Яна адбылася пасля перамоваў Макея з яго расійскім калегам Сяргеем Лаўровым, перадае ТАСС.

Макей паведаміў, што на сустрэчы абмяркоўвалася ўзаемадзеянне Беларусі і Расіі ў ААН, АБСЕ ды іншых міжнародных арганізацыях. Прадстаўнікі абедзвюх краін пацвердзілі, што зацікаўленыя ў "развіцці інтэграцыйных працэсаў у Еўразійскім эканамічным саюзе, паглыбленні ўзаемадзеяння на прасторы СНД, у рамках АДКБ".

Кіраўнік беларускай дыпламатыі паведаміў, што бакі дамовіліся стварыць двухгадовую праграму (да 2022 года) па далейшай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. 

Таксама Макей падкрэсліў, што перагляд дамовы аб Саюзнай дзяржаве паміж Беларуссю і Расіяй не патрэбны. "Палажэнні дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца стратэгічнымі, яны не патрабуюць перагляду", — цытуе ТАСС яго словы. Беларускі міністр лічыць, што сёння варты гаварыць пра "актуалізацыю праграмы дзеянняў па выкананні палажэнняў дамовы". Працоўная група, па яго словах, бліжэйшым часам збярэцца, абмяркуе ўсе пытанні і ўнясе свае прапановы на разгляд урадаў, а калі спатрэбіцца — і кіраўнікоў дзяржаў.

Ступень вырашаных і нявырашаных праблемаў беларускі дыпламат ацаніў так: "На 70% усе прапановы сыходзяцца, а астатнія 30% — справа перамоваў і дыскусій".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі