Макей і Магерыні ў Нью-Ёрку абмеркавалі перспектывы адносінаў Беларусі і ЕС
Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у Нью-Ёрку сустрэўся з вярхоўным прадстаўніком Еўрасаюза па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыкай Магерыні. Як інфармуе прэс-служба МЗС нашай краіны, размова ішла пра сённяшні стан і перспектывы адносінаў Беларусі і Еўрапейскага саюза. Іншыя падрабязнасці пакуль невядомыя.
Кіраўнік знешнепалітычнага ведамства нашай краіны знаходзіцца ў ЗША ў складзе беларускай дэлегацыі, якая на чале з Аляксандрам Лукашэнкам удзельнічае ў саміце Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па ўстойлівым развіцці.
Аляксандр Лукашэнка 27 верасня выступіў на пленарным пасяджэнні саміту ААН па ўстойлівым развіцці. Беларускі кіраўнік выступаў пасля прэзідэнта Румыніі, і яго выступ доўжыўся каля 15 хвілінаў. З трыбуны ААН Лукашэнка заклікаў спыніць вайну ва Украіне.
Еўрарадыё заўважыла, што пад час выступу ў зале было не шмат людзей. Мы параўналі колькасць людзей у зале падчас выступлення Лукашэнкі, Парашэнкі, Абамы і Шакіры.
Таксама Лукашэнка сустрэўся з генеральным сакратаром ААН Пан Гі Мунам. Яны размаўлялі пра палітычную сітуацыю і сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Гаворка ішла пра сітуацыю ва Украіне. Пан Гі Мун падзякаваў Лукашэнку за "канструктыўную ролю" ў пошуку вырашэння канфлікту.
На сустрэчы з Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека Зейдам Раадам аль-Хусейнам таксама шла гаворка пра правы чалавека. Лукашэнка запэўніў, што Беларусь іх выконвае, але выступае супраць "палітызацыі".
Лукашэнка: "Я хачу вас запэўніць, што мы адданыя і будзем адданыя сапраўдным правам чалавека. Хачу вам шчыра сказаць, мы ніколі не дазволім, каб нам навязвалі так званыя "правы чалавека" і палітызавалі іх. Гэта абсалютна недапушчальна".
Кіраўнік Беларусі адзначыў, што наша краіна супрацоўнічае з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека і "практычна няма ніякіх праблемаў".
У Нью-Ёрку перад будынкам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый 27 верасня прайшла акцыя пратэсту. Удзел у ёй прынялі беларусы, украінцы, рускія, татары, выхадцы з краін Лацінскай Амерыкі і Азіі. Сярод удзельнікаў акцыі пратэсту быў і вядомы беларускі палітэмігрант Зянон Пазняк.
Фота: mfa.gov.by