Макей: Міністры краін Еўрасаюза сёння шукалі сустрэчы са мной
Па словах Уладзіміра Макея, стаўленне да нашай краіны на саміце ў Рызе кардынальна адрозніваецца ад стаўлення падчас саміта ў Вільні два гады таму.
Па словах міністра замежных спраў Беларусі Уладзіміра Макея, сёння мы назіраем, як змяняецца стаўленне да таго, як павінна развівацца Усходняе партнёрства. Змяняецца і стаўленне да асобных краін-удзельніц гэтай ініцыятывы. У тым, каб Усходняе партнёрства працягвала існаваць, зацікаўленая і Беларусь. Праўда, зазначае Макей у адказ на пытанне Еўрарадыё, ёсць пэўныя агаворкі.
Макей: “Мы можам абмяжоўвацца нейкімі палітычнымі дэкларацыямі, запэўніваць адзін аднаго, што трэба рухацца ў кірунку Еўрасаюза ці яшчэ некуды. Але з гэтага не будзе карысці, калі простыя людзі не адчуюць канкрэтную аддачу ад гэтай ініцыятывы. Таму гэтая ініцыятыва павінна быць нацэленая на вынік. На першым месцы павінна стаяць, і мы пра гэта сёння казалі, эканоміка”.
Журналісты пацікавіліся, ці гаварыла беларуская дэлегацыя пра зняцце візавых санкцый з беларускіх чыноўнікаў. Па словах Макея, сёння адносіны паміж Беларуссю і Еўрасаюзам знаходзяцца на такім узроўні, што “абмяркоўваюцца ўсе магчымыя пытанні з еўрапейскімі калегамі”. Асобна ён адзначыў, што сёння падчас саміту міністры асобных краін, якія стрымана ставяцца да Беларусі, праявілі ініцыятыву адносна сустрэчы з ім. Па словах кіраўніка беларускай дыпламатыі, у яго сёння быў вельмі канструктыўны дыялог з яго еўрапейскімі калегамі. Праўда, так і не ўдакладніў, на якія канкрэтна тэмы ён “канструктыўна” перамаўляўся з еўрапейскімі міністрамі.