Marie Chante “Сделай меня отцом”
Screamo-маналогі глыбока нешчаслівага чалавека, які разумее свае простыя жаданні. Але…
На трэцім альбоме мінскага screamo-гурта Marie Chante усяго 6 кароткіх песень. Ён заканчваецца неспадзявана, калі толькі пачынаеш прызвычайвацца да непадробнага болю ў голасе Сашы Пушкіна. Але, разам з тым, услухоўваючыся ў словы, адчуваеш неверагодную стому.
На папярэднім альбоме MCh, які называецца “И радости твоей хотел бы”, таксама шэсць песень. Дыскі падобныя, але, на жаль, за два гады, што прайшлі паміж імі, у музыцы Marie Chante паменела глыбіні і гармоніі. Гэта па-ранейшаму пост-рок, але, ўжо не такі вытанчаны. Што зробіш: пасля прэзентацыі “И радости твоей хотел бы” з гурта сыйшоў адзін з двух гітарыстаў. Таксама памяняўся басіст.
Дзве апошнія песні альбома — “я.тебя” і “яой” — літаральна блізняты. Жорсткі гітарны гук і апора на басовы рытм падказваюць нам, што лірычны герой Marie Chante жыве ў вельмі змрочным свеце. Гэта глыбока нешчаслівы чалавек, які разумее свае простыя жаданні. Але не можа паразумецца з сусветам, у якім жыве.
Часам гітарна-бубнавы трэш раптам правальваецца ў лагодную басовую партыю. Гэта пакідае асэнсаванне пустаты і безнадзейнасці. Песня можа на паўхвіліны завіснуць на адной басовай ноце, быццам бы выпрабоўваючы слухача.
Сэнс песень Marie Chante даходзіць не толькі і не столькі праз словы, колькі праз гучанне і голас Сашы Пушкіна. Песні атрымліваюцца кароткія, як эмацыйныя выбухі, якімі жывуць сучасныя людзі. Сапраўды, навошта спяваць шмат, калі дастаткова аднаго крыку?