Медсястра выйграла 758 мільёнаў долараў і адразу ж звольнілася
Медсястра выйграла 758 мільёнаў долараў і адразу ж звольнілася з працы. Амерыканка Мэвіс Уончык стала ўладальніцай самага вялікага ў гісторыі выйгрышу ў латарэю. Як піша Guardian, жанчына купіла пяць білетаў, два з якіх былі запоўненыя аўтаматычна камп’ютарамі, а тры — уручную. Выйграў латарэйны білет, у якім Уончык выкарыстала даты нараджэння сваіх родных.
Шчаслівая жанчына патэлефанавала на працу і сказала, што туды не вернецца. “Найперш я хачу сесці і расслабіцца”, — сказала яна. Вядома, што ў Мэвіс Уончык ёсць дарослыя сын і дачка. Улады ўжо перадалі медсястры рэкамендацыі па асцярожным выкарыстанні выйгрышу, прапанавалі заключыць дамовы з добрымі адвакатамі. Як вядома, латарэйныя выйгрышы ў ЗША абкладаюцца падаткам у памеры 39,6%, таму Уончык атрымае крыху больш за 480 мільёнаў долараў. Яна, дарэчы, можа адразу забраць усю суму ці расцягнуць гэты працэс на 30 гадоў. Звычайна ў такіх сітуацыях уладальнікі выйгрышаў забіраюць усе грошы адразу.