Медыкам абяцаюць надбаўкі ад 15% да 200% да заробку
Міністэрства аховы здароўя вызначыла памер новай надбаўкі для медыкаў.
Надбаўка будзе налічвацца ўсім медыцынскім і фармацэўтычным работнікам, а таксама службоўцам, занятым у ахове здароўя і фармацэўтычнай дзейнасці, бюджэтных арганізацый. Дактарам прызначаецца 85% акладу, сярэднім медработнікам — 35% акладу.
Пры гэтым для некаторых катэгорый надбаўка будзе вышэйшай. Для дактароў прыёмных аддзяленняў стацыянараў, аддзяленняў для пацыентаў з інсультамі, участковай службы паліклінік — 135% акладу, сярэдніх медработнікаў — 50% акладу.
Для дактароў выязных брыгад хуткай медыцынскай дапамогі надбаўка складзе 135% акладу, сярэдніх медработнікаў — 60% акладу, дактароў аддзяленняў анестэзіялогіі і рэанімацыі — 200% акладу, сярэдніх медработнікаў — 70% акладу.
Надбаўку ў 15% акладу атрымаюць малодшыя медсёстры і санітаркі прыёмных аддзяленняў стацыянараў, аддзяленняў (палат) для пацыентаў з інсультамі, выязных брыгад хуткай меддапамогі, аддзяленняў (палат) анестэзіялогіі і рэанімацыі.
Пастанова набудзе моц з 1 ліпеня 2022 года.
Як распавядала Еўрарадыё, улады адмянілі "кавідныя" даплаты медыкам, але ўвялі надбаўкі да заробкаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.